Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бамбешка И.И. Музеи мира.doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
647.68 Кб
Скачать

МУЗЕІ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ

У Вялікабрытаніі налічваецца больш за 2500 музеяў. Значна павялічылася іх колькасць у другой палове XX ст.: калі ў 1970 г. тут існавала 964 музеі, то ў 1989 г., у год святкавання стагоддзя стварэння Брытанскай музейнай асацыяцыі – 2300, якія за гэты год наведала 100 млн чалавек. Больш за 300 музеяў знаходзіцца ў Лондане (іх штогод наведваюць каля 20 млн чалавек).

Абсалютная большасць музеяў не падпарадкоўваецца дзяржаве, кіруецца апякунскімі радамі і падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. Буйнейшыя музеі фінансуе ўрад краіны праз міністэрствы нацыянальнай спадчыны і абароны Уэльса, Шатландыі, Паўночнай Ірландыі. У краіне няма адзінай дзяржаўнай музейнай палітыкі, няма агульнадзяржаўнага музейнага заканадаўства.

Па свайму юрыдычнаму статусу ўсе музеі падзяляюцца на наступныя катэгорыі:

  • нацыянальныя музеі (19). Большасць з іх мае філіялы па-за сталіцай, напрыклад, Нацыянальны музей Уэльса мае 11 філіялаў;

  • універсітэцкія музеі (каля 300), фінансуюцца міністэрствамі адукацыі Уэльса, Шатландыі, Паўночнай Ірландыі;

  • ваенныя музеі (каля 200), фінансуюцца Міністэрствам абароны;

  • мясцовыя музеі (каля 800), фінансуюцца мясцовымі ўладамі;

  • прыватныя, незалежныя музеі (іх каля 1100), фінансуюцца фондамі, індывідуальнымі асобамі.

Задачу каардынацыі музейнай дзейнасці ў маштабах Вялікабрытаніі выконвае Камісія музеяў і галерэй, якая дзейнічае з 1931 г. і займаецца распрацоўкай агульнанацыянальных стандартаў, рэгістрацыяй новых музейных устаноў, вядзе кансультацыйную дзейнасць. Першапачаткова ў яе абавязкі ўваходзіла толькі кансультаванне ўрада па пытаннях фінансавання нацыянальных музеяў. У 1981 г. правы камісіі былі павялічаны і яна атрымала кампетэнцыю кансультаваць урад і мясцовыя ўлады па пытаннях развіцця мясцовых музеяў. У сувязі з гэтым склад камісіі быў пашыраны за кошт стварэння мясцовых музейных саветаў, якія геаграфічна ахоплівалі ўсю краіну. Зараз працуюць дзесяць рэгіянальных мясцовых саветаў, якія займаюцца ў асноўным размеркаваннем грантаў на кансервацыю, выстаўкі і іншыя віды музейнай дзейнасці.

Галоўнай прафесійнай арганізацыяй Вялікабрытаніі лічыцца Музейная асацыяцыя – старэйшая падобная ўстанова ў свеце. Яна мае свае перыядычныя выданні – “Museums Journal» і “Museums Yearbook”. У складзе Музейнай асацыяцыі працуюць 17 прафесійных асацыяцый, утвораных па прынцыпу віда музейнай дзейнасці (захаванне калекцый, адукацыя, праектаванне экспазіцый). Існуюць таксама жаночая асацыяцыя, асацыяцыя дырэктараў, а таксама 10 рэгіянальных.

Музеі, якія маюць статус нацыянальных (Брытанскі музей, Музей гісторыі прыродазнаўства, Нацыянальны музей навукі і тэхнікі, Музей Вікторыі і Альберта, Нацыянальныя мастацкія галерэі, Нацыянальны музей кіно і фатаграфіі, Нацыянальны чыгуначны музей і інш.), а таксама іх шматлікія філіялы, якія знаходзяцца ў Лондане, Эдынбургу, Кардзіфе, Белфасце, Ліверпулі, асноўныя сродкі атрымліваюць з дзяржаўнага бюджэту. Юрыдычны статус існавання гэтай групы музеяў вызначаецца спецыяльным парламенцкім "Актам аб музеях і галерэях", прынятым у 1992 г. Згодна з гэтым актам вярхоўным органам кіравання кожнага нацыянальнага музея з'яўляецца Савет апекуноў, які прызначае дырэктара.

Мясцовыя музеі, якія маюць свае апякунскія саветы, у асноўным фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў і абапіраюцца ў сваёй дзейнасці на парламенцкі "Акт аб музеях і бібліятэках", прыняты ў 1964 г.

Большасць брытанскіх універсітэтаў мае свае музеі. Некаторыя з іх (Оксфардскі, Кембрыджскі, Лонданскі, Манчэсцерскі, у Глазга) страцілі першапачатковы вучэбны характар і ператварыліся ў аб'ект турыстычнага агляду, а таксама набылі статус самастойных музейных устаноў. Тым не менш, фінансуюцца яны ў асноўным з бюджэтаў універсітэтаў, а іх кіруючым органам таксама з'яўляюцца апякунскія саветы.

Прыватныя і незалежныя музеі дзейнічаюць на аснове "Акта аб кампаніях", прынятага ў 1985 г.

3 1970-х гг. праводзіцца камп'ютэрызацыя музеяў Вялікабрытаніі. Дзеля вырашэння гэтай задачы была створана Брытанская асацыяцыя музейнай дакументацыі, якая адразу ж занялася распрацоўкай стандартызацыі тэрміналогіі апісання музейных прадметаў. У 1978 г. было прынята рашэнне аб стварэнні камп'ютэрных баз даных у кожным з дзевяці гістарычных аддзелаў Брытанскага музея. Пачалася работа з аддзела этнаграфіі, у якім за першыя 16 месяцаў было ўнесена ў электронны каталог звыш 150 тыс. музейных прадметаў. Пазней на аснове сістэм CCDS і IKGNA былі камп'ютэрызаваны фондавыя калекцыі Каралеўскага павільёна, Нацыянальнай галерэі і шэрага іншых музейных устаноў.

У 1980-я гг. музейная грамадскасць падтрымала ініцыятыву Музея гісторыі прыродазнаўства па правядзенні комплексных даследаванняў па вывучэнню музейных наведвальнікаў. Вынікі гэтых даследаванняў паспрыялі больш эканомнаму расходаванню грамадскіх грашовых фондаў. Клопат аб рэнтабельнасці – новы напрамак у дзейнасці музеяў Вялікабрытаніі, які сёння атрымаў назву музейнага менеджмента.

Галерэя Тэйт. Галерэя Тэйт у Лондане – адзіны ў свеце збор, які прадстаўляе выключна англійскі жывапіс і графіку XVI-XX ст. (невялікая калекцыя твораў заходнееўрапейскага мастацтва канца XIX–XX ст., пераважна французскага, мае дапаможнае значэнне). Будынак галерэі быў узведзены на сродкі буйнога прамыс-лоўца Г. Тэйта. Цырымонію адкрыцця музея ў 1897 г. правёў сын каралевы Вікторыі прынц Уэльскі. Аснову музея склала яго вялікая калекцыя карцін англійскіх майстроў. У 1910 г. да будынка галерэі прыбудавалі новае крыло, памяшканні якога прызначаліся для экспазіцыі твораў У. Тэрнера.

Сярод шэдэўраў галерэі – палотны Уільяма Хогарта ("Вянчальны танец", "Выбары ў парламент", партрэт Элізабэт Солтэр 1741 г.), некалькі карцін Дантэ Габрыэля Расеці і інш.

Пасля адкрыцця калекцыі галерэі пастаянна папаўняліся творамі класічнага і сучаснага мастацтва і дасягнулі такіх памераў, што экспазіцыя прадстаўляла толькі чвэрць ад твораў, што захоўваліся ў запасніках. Новыя экспазіцыйныя плошчы былі знойдзены ў будынку старой лонданскай электрастанцыі, перабу-даванай для галерэі па праекту швейцарскіх архітэктараў Жана Херцага і П'ера дэ М'юрона. Менавіта тут размясціўся новы аддзел галерэі, так званая Галерэя Тэйт-Мадэрн. У гэту галерэю, атрымаўшую статус музея сучаснага мастацтва, былі перавезены ўсе работы мастакоў "новага часу" – ад імпрэсіяністаў да сучасных знакамітасцей. 11 мая 2001 г. Тэйт-Мадэрн была адкрыта каралевай Лізаветай II. 3 гэтага часу Галерэю Тэйт пачалі падзяляць на Старую Тэйт і Тэйт-Мадэрн.

Экспазіцыя Тэйт-Мадэрн размясцілася ў 85 залах, кожная з якіх прысвечана пэўнаму сюжэту, або тэме: "Натура і дзеянне", "Аголенае цела", "Пейзаж", "Прадмет і прастора", "Аўтаматызм" і г. д. Як вынік – у адным памяшканні суседнічаюць творы самых розных часоў, стыляў і напрамкаў – Клод Манэ побач з Чарльзам Лонгу, Пікасо з Бонарам. Такое сумяшчэнне несумяшчальнага выклікае ў гледачоў шэраг новых нечаканых думак і асацыяцый.

Акрамя сталай экспазіцыі ў Тэйт-Мадэрн маюцца памяшканні для часовых выставак, захавання фондавых калекцый, навуковы цэнтр, лекторый, кніжная крама і кіназала.

Лонданскі Таўэр. Лонданскі Таўэр уяўляе сабой сярэдневяковы замак, які займае 16 акраў зямлі. Ён быў пабудаваны па загаду Вільгельма Заваёўніка пасля яго перамогі ў бітве пад Хасцінгсам і каранацыі ў 1066 г. Паданне, а ўслед за ім і Шэкспір прыпісваюць пабудову Таўэра Юлію Цэзару.

Размешчаны на беразе Тэмзы, Таўэр быў рэзідэнцыяй англійскіх манархаў да XVI ст. Пазней ён выкарыстоўваўся як вязніца (тут правялі апошнія дні перад пакараннем смерцю сэр Уолтэр Рэлі і Томас Мор), месца пакарання, збраёўня, скарбніца, манетны двор. Апошняе катаванне ў замку адбылося ў 1745 г. 3 тых часоў замак служыў арсеналам і казармай.

Зараз Таўэр – гэта музей, які прываблівае наведвальнікаў перш за ўсё сваёй гісторыяй, цудоўнай калекцыяй старадаўняй каралеўскай зброі і дзяржаўнымі рэгаліямі брытанскай кароны, а таксама музей геральдыкі.

Каралеўская калекцыя зброі захоўваецца ў Белай вежы Таўэра. Галоўная частка яе экспазіцыі – наступальная і абарончая зброя Англіі, пачынаючы з часоў нармандскіх заваёўнікаў і канчаючы эпохай Кромвеля. У прыватнасці, тут экспануецца поўнае ўзбраенне караля Генрыха VIII. Ва Усходняй зале вежы выстаўлена еўрапейскае, арабскае, турэцкае і індыйскае ўзбраенне. Тут знаходзяцца трафеі, якія дасталіся англічанам пасля захопу старой сталіцы Шры Ланкі Кандзі. Выстаўлены японскія даспехі – падарунак каралю Карлу II ад Вялікага Магола, а таксама каска, якую надзяваў Напалеон III падчас турніра 1839 г.

У вітрынах Банкетнай залы выстаўлены прылады катавання і плаха, на якой быў пакараны ў 1745 г. за дзяржаўную здраду лорд Ловат. Побач ляжыць сякера таўэрскага ката.

У Вейкфільдскай вежы да 1850-х гг. захоўваліся дзяржаўныя дакументы, а зараз экспануюцца каралеўскія рэгаліі. Найболын цікавымі экспанатамі з'яўляюцца карона і скіпетр святога Эдуарда, зробленыя для каранацыі Карла II. У залатым скіпетры зіхаціць буйнейшы брыльянт свету– "Зорка Афрыкі" (516 каратаў), у шары зверху скіпетра ўстаўлена частка Крыжа Гасподня.

Падчас святочных выхадаў, адкрыцця парламента і іншых дзяржаўных падзей выкарыстоўваецца "дзяржаўная карона" – найболып каштоўная з усіх. Яе зрабілі ў 1838 г. для каралевы Вікторыі і перадалі музею ў 1902 г. Карона, упрыгожаная 2874 брыльянтамі і буйным рубінам, з'яўляецца шэдэўрам ювелірнага мастацтва (раней рубін з кароны ўпрыгожваў шлем Генрыха V).

Музей Вікторыі і Альберта. Музей Вікторыі і Альберта мае статус нацыянальнага музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайна. Быў створаны ў 1852 г. з мэтай культурнага выхавання незаможных слаёў грамадства. Велічны будынак музея мае па фасаду даўжыню 20 метраў і складаецца з дзвюх частак. Наведвальнікі пачынаюць агляд, праходзячы праз цэнтральную частку, упрыгожаную статуямі брытанскіх манархаў. Яна ўвенчана двух'яруснай васьмікутнай вежай, вяршыня якой накрыта ажурнай каралеўскай каронай.

Музей Вікторыі і Альберта ўзнік пасля Лонданскай выстаўкі 1851 г. 3 тых часоў мэтай яго дзейнасці з'яўляецца паляпшэнне якасці прамысловай вытворчасці. У шматлікіх залах музея ("Мастацтва Усходу", "Брытанскае мастацтва часоў Лізаветы I і II") экспануюцца лепшыя ўзоры рамяства і прамысловасці – музычныя інструменты, упрыгожанні, мэбля, адзенне, кераміка, шкло, фота, механічныя прыборы і г. д. Гэта адзін з найболын вялікіх музеяў свету – даўжыня маршрута па яго экспазіцыях складае 12 км. За апошнія дзесяцігоддзі музейны збор папоўнілі новыя калекцыі, якія склалі экспазіцыйныя залы "Сярэдневяковае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Еўропы" і "Японскі дызайн – Ташыба".

Звычайна наведвальнікі музея плануюць аглядзець што-небудзь канкрэтнае, бо прайсці яго цалкам можна за 8-10 дзён. Вельмы цікавы філіял музея – Музей дзяцінства ў Бетнал Грын. Гэта не толькі нацыянальная калекцыя дзіцячай цацкі, пачынаючы з XVII ст., але і буйнейшы палігон па адпрацоўцы методык музейнай педагогікі. У дадзены момант музей рэалізуе праект, накіраваны на вывучэнне сацыяльнай гісторыі дзяцінства.

Імперскі музей вайны. Імперскі музей вайны знаходзіцца побач з вакзалам Ватэрлоо ў Лондане. Ён быў заснаваны брытанскім урадам у 1917 г. з мэтай захавання гісторыі першай сусветнай вайны. 3 1936 г. музей знаходзіцца ў будынку былой каралеўскай бальніцы. З 953 г. у тэматыку музея былі ўключаны ўсе ваенныя аперацыі. У якіх удзельнічалі брытанскія сілы і сілы Садружнасці нацый з 1914 г. Такім чынам, Імперскі музей вайны з'яўляецца нацыянальным музеем канфліктаў XX ст. Ён фіксуе і ілюструе ўсе аспекты сучаснай вайны і яе індывідуальны вопыт: саюзніцкі і варожы, службовы і грамадзянскі, ваенны і палітычны, грамадскі і культурны. Супрацоўнікі музея імкнуцца асэнсаваць музейнымі сродкамі прычыны, ход і наступствы канфліктаў. Адпаведна гэтай мэце вядзецца збор самых разнастайных матэрыялаў – па гісторыі авіяцыі, бранятанкавай тэхнікі, ваенна-марскога флоту, узоры ваеннай формы, знакі адрознення, асабістыя рэчы, узнагароды, – якія склалі 15 тыс. адзінак выяўленчых матэрыялаў, 30 тыс. плакатаў, бібліятэку са 155 тыс. тамоў, 300 млн метраў кінаплёнкі і звыш 6,5 тыс. гадзін відэазапісу, звыш 6 млн фотаздымкаў, негатываў і слайдаў і каля 32 тыс. гадзін гістарычнага аўдыязапісу.

У 1944-1989 гг. была значна павялічана экспазіцыйная прастора і праведзена мадэрнізацыя будынкаў, што дазволіла адкрыць адукацыйны цэнтр і выстаўку, прысвечаную генацыду перыяду другой сусветыай вайны.

У экспазіцыі музея можна ўбачыць рэшткі трыплана "Фокер", на якім загінуў лепшы пілот першай сусветнай вайны барон фон Рыхтгофен, першы брытанскі танк, асабістыя рэчы маршала Мантгомеры, шмат дыярам, макетаў і інш. Стваральнікі экспазіцыі здолелі паказаць вайну ў палітычным, сацыяльным і эканамічным кантэксце, і перш за ўсё яе антыгуманную сутнасць.

Музей мае філіялы – Даксфордскі аэрадром у Кембрыджшыры, крэйсер "Белфаст" і бамбасховішча Чэрчыля. Зараз Імперскі музей вайны размешчаны ў шасці будынках, чатыры з якіх адчынены для наведвальнікаў.

Нацыянальны музей арміі знаходзіцца ў лонданскім раёне Чэлсі. У экспазіцыі адлюстравана эвалюцыя англійскай вайсковай формы, прадстаўлены калекцыі ўзнагарод, батальнага жывапісу. Апошнім часам робяцца спробы ад пакалекцыйнага паказу перайсці да тэматычнага, а менавіта – паказаць штодзённае жьіццё брытанскага салдата. Музей вылучаецца нетрадыцыйнай тэматыкай выставак, напрыклад "Усё аб барабане".

Нацыянальны марскі музей адкрыты ў 1986 г. у вельмі жывапісным Грынвіцкім парку. Мае адну з буйнейшых падобных калекцый у свеце, што тлумачыцца астраўным станам Вялікабрытаніі і яе багатай марской гісторыяй. Музейны комплекс займае будынкі Палаца каралевы (архітэктарI. Джоўнс, 1616 г.) і Старой каралеўскай абсерваторыі (архітэктар К. Рэн, 1675 г.). Побач, за некалькі дзесяткаў метраў, знаходзіцца будынак Грынвіцкага нулявога мерыдыяна.

Калекцыі музея маюць наступныя раздзелы: археалогіі (знаёміць з гісторыяй марскога транспарту ад бронзавага веку да сярэдневякоўя); Вялікія геаграфічныя адкрыцці; эпоха Брытанскай імперыі.

Экспазіцыя Нацыянальнага марскога музея распавядае аб подзвігах герояў ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі. Тут прадстаўлена шмат макетаў, якія дазваляюць азнаёміцца з жыццём маракоў, калекцыя карцін марской тэматыкі і партрэтаў, зброі, прадметаў брытанскага марскога гандлю, дакументаў, аўдыёвізуальных сродкаў. Сярод найбольш цікавых – разгром Вялікай іспанскай армады і Трафальгарская бітва 1805 г., дзе дэманструецца кашуля адмірала Нэльсана, прабітая куляй, ад якой ён загінуў.

Нацыянальны паштовы музей у Лондане заснаваны ў 1965 г. Яго аснову склала вялікая калекцыя марак, ахвяраваная знакамітым калекцыянерам Рэджынальдам Філіпсам. Сёння музей валодае буйнейшай у свеце калекцыяй паштовых марак, у т. л. першай у свеце, надрукаванай у Вялікабрытаніі ў 1840 г.

Музей гісторыі прыродазнаўства ў Лондане заснаваны ў 1759 г. Зараз ён знаходзіцца ў гіганцкім будынку, узведзеным у 1873–1880-х гг. па праекту архітэктара Альфрэда Уотэрхаўза. Фонды музея налічваюць 50 млн адзінак захавання і размешчаны па наступных раздзелах: біялогіі, заалогіі, энтамалогіі, палеанталогіі і мінералогіі.

Галоўным напрамкам дзейнасці музея традыцыйна з'яўлялася навукова-даследчая работа, але ў апошні час шмат намаганняў супрацоўнікамі музея зроблена ў адукацыйным напрамку. Для гэтага ў экспазіцыі арганізаваны дыярамы, жывыя групы, камп'ютэрныя гульні, напрыклад "Дыназаўры".

Наведвальнікаў уражваюць сваімі памерамі некаторыя залы і экспанаты музея, як, напрыклад, зала "Кіты" ці шкілет дыпладока.

Нацыянальная партрэтная галерэя ў Лондане заснавана дзяржавай у 1859 г. з мэтай экспанавання партрэтаў англійскіх гістарычных асоб, якія з'яўляюцца прыкладам для сучаснікаў. У памяць аб арыгінальнай першапачатковай канцэпцыі музея захавалася Зала Славы.

У фондах налічваецца каля 9 тыс. карцін і вялікая калекцыя фотаздымкаў. Экспазіцыя галерэі прадстаўлена ў храналагічным парадку па наступных перыядах: Цюдоры, Рэгенцтва, XVIII ст., Рамантыкі. Нягледзячы на вельмі шчыльную развеску карцін, толькі невялікая частка фондавых калекцый знахо-дзіцца ў экспазіцыі, дзе суседнічаюць розныя персанажы – тут можна ўбачыць партрэты Шэкспіра і Чэрчыля, Тэтчэр і Шадэ.

Музей транспарту ў Лондане ў сваёй інтэрактыўнай экспазіцыі прадстаўляе багатую калекцыю цягнікоў, тралейбусаў, конак, аўтобусаў і г. д., вялікую калекцыю плакатаў і фотаздымкаў 1920–1930-х гг. Тут знаходзіцца шмат унікальных прадметаў, сярод якіх амнібус 1829 г. – першы рэгулярны лонданскі транспарт, які цягнулі коні, першы ў свеце лонданскі аўтобус 1910 г.

У аснову канцэпцыі музея пакладзены паказ уплыву транспарту на жыццё гарадскога чалавека. У музеі быў створаны адукацыйны аддзел – адзін з першых у Лондане.

Гістарычны музей горада Лондана – буйнейшы сярод аналагічных музеяў свету. Знаходзіцца ў цэнтры лонданскага Сіці. Яго экспазіцыя распавядае аб шматвяковай гісторыі брытанскай сталіцы – пачынаючы з эпохі Юлія Цэзара, заснаваўшага Ландзініум, і да сённяшняга дня. Экспазіцыя будуецца па тэматычна-храналагічнаму прынцыпу і змяшчае шмат разнастайных экспанатаў і рэканструкцый, а таксама дыярам ("Вялікая чума 1665 г.", "Вялікі пажар 1666 г." і інш.) Музей добра вядомы сваімі часовымі выстаўкамі.

Музей навукі ў Лондане бярэ пачатак з сусветнай выстаўкі 1851 г. Самастойнай установай ён стаў у 1909 г., а сёння мае статус нацыянальнага. Гэта адзіны з найболын папулярных музеяў Лондана. Тэматычна калекцыя музея ахоплівае амаль усе сферы – ад сталеліцейнай прамысловасці да астраноміі. У экспазіцыі шмат унікальных помнікаў тэхнікі: цягнік "Ракета" 1829 г., пабудаваны Сцівенсанам, водны веласіпед каралевы Вікторыі і інш. Найболылай папулярнасцю карыстаюцца залы аэранаўтыкі і медыцыны. Канцэпцыя музея ўяўляе сабою гімн тэхнічнаму прагрэсу і індустрыяльнаму грамадству.

Акрамя вышэйназваных у Лондане знаходзяцца Музей мадам Цюсо, шэраг мемарыяльных (Чарльза Дарвіна, Зігмунда Фрэйда, Чарльза Дзікенса, Ганны Паўлавай, Фларэнс Найтынгейл і інш.), тэатральны, музычны, музеі кіно, бокса, футбола, тэніса, веера, таксі, паліцыі, дрэва, ветранога млына, гарбаты, польскі, яўрэйскі, негрыцянскі, беларускі і інш.

Дом-музей Шэкспіра ў Страдфорд-на-Эйване, заснаваны ў 1847 г. Палова дома адведзена пад мемарыяльную экспазіцыю, другая – пад гісторыка-літаратурную. Шэкспіру прысвечаны таксама асабняк "Новае Месца", дзе ён правёў апошнія месяцы жыцця і памёр у 1616 г. Дадзены музей мае мемарыяльную і гісторыка-краязнаўчую экспазіцыі.

Гісторыя Музея пад адкрытым небам у Бімішы пачынаецца ў 1958 г., калі музейны камітэт Савета графства Дарэм падтрымаў ідэю аб стварэнні музея пад адкрытым небам. Тады ж распачалася работа па збору экспанатаў. Будучаму музею адвялі тэрыторыю ў 120 гектараў у Бімішы, якая належала Нацыянальнай ву-гальнай кампаніі. Сабраныя экспанаты размясцілі у Біміш-холе і першая выстаўка "Біміш – нараджэнне музея" была адчынена ў 1971 г. Падчас экспанавання праводзіліся розныя мерапрыемствы, наведвальнікам прадастаўлялася магчымасць агледзець шэраг захаваўшыхся будынкаў. У 1973 г. была ўпершыню паказана частка экспазіцыі пад адкрытым небам, пачаў ездзіць па кругу першы трамвай. У 1973–1975 гг. музею перадалі закрыты за некалькі год да гэтага вакзал Роўлей. Пасля рэстаўрацыі ён набыў выгляд, які меў у 1910 г. У 1980-я гг. развіваўся "гарадскі сектар" музея, пачатак якому быў пакладзены размяшчэннем некалькіх тыповых для сярэдняга класа жылых будынкаў. Зараз там знаходзяцца кантора адваката, дом зубнога ўрача з кабінетам і жылымі памяшканнямі, крамы і інш. У "гарадскім сектары" музея адноўлена тыповая для паўночна-ўсходняй Англіі вуліца 1920-х гг., уздоўж якой пракладзены трамвайныя рэйкі. Трамвай перавозіць наведвальнікаў па раздзелах музея і разам зтым садзейнічае стварэнню настальгічнай атмасферы, бо ў свой час ён быў вельмі распаўсюджаны ў гэтым рэгіёне Англіі. Супрацоўнікі музея імкнуліся ўзнавіць на тэрыторыі музея першапачатковую карціну жыцця ў гэтым рэгіёне, размясціўшы асобныя экспазіцыі ў рэалістычным асяроддзі са шматлікімі дробнымі дэталямі. У выніку была створана цудоўная калекцыя помнікаў сацыяльнай гісторыі, якая не мае сабе роўных у Англіі як з пункту гледжання разнастайнасці, так і па колькасці, бо ў яе склад уключалася ўсё, што раней існавала і выкарыстоўвалася. Вельмі цікава прадстаўлены некаторыя мясцовыя рамёствы.

Кіруючым органам музея з'яўляецца камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі графстваў Кліўленд, Дарэм, Нортамберленд і Тайн энд Уір. Болыпую частку яго бюджэту (каля 60 %) складае выручка ад продажу ўваходных білетаў, а таксама даходы ад дзейнасці музейных крам і паслуг па рэстаўрацыі. Акрамя таго, музей субсідзіруюць розныя афіцыйныя органы, сярод якіх Фонд рэгіянальнага развіцця Еўрапейскага саюза і Нацыянальнае ўпраўленне па турызму. Існуе фонд развіцця музея.

Музеі шатландыі

У Шатландыі налічваецца больш за 400 музеяў. У адным толькі Эдынбургу іх 47, пачынаючы ад Нацыянальнай галерэі Шатландыі і заканчваючы невялікім Музеем святла. Найвялікшай папулярнасцю ў Шатландыі карыстаецца Музей В. Скота ў Абацефордзе, дзе былі напісаны яго найболып вядомыя раманы. Прывабліваюць наведвальнікаў музеі Глазга: музей Келвінграў, Нацыянальны музей прыроды "Снаўдонія" з замкам Брын Брас, Музей Лох-Нэскага страшыдлы і інш.

Нацыянальная галерэя Шатландыі – адзін са старэйшых музеяў краіны – адкрылася для наведвальнікаў у 1859 г. Яна прываблівае аматараў мастацтва не толькі багацейшай у Шатландыі калекцыяй еўрапейскага жывапісу і скульптуры, але і сваім вонкавым выглядам – прастатой форм і дарычнай строгасцю.

Будынак галерэі быў пабудаваны па праекту В. Г. Плэйфэера на мяжы Старога і Новага горада ў цэнтры Эдынбурга. Побач з музеем знаходзіцца Каралеўская Шатландская акадэмія, таксама пабудаваная Плэйфэерам, у памяшканнях якой у летні час праводзяцца выстаўкі.

Калекцыя Нацыянальнай галерэі Шатландыі вельмі разнастайная: жывапіс і скулыітура розных перыядаў – ад Рэнесансу да постімпрэсіянізму, прадстаўляючыя мастацтва многіх краін Еўропы. Пры заснаванні галерэі ядром збору сталі карціны Джакапо Басана, Ван Дэйка і Дж. Б. Цьепала, якія былі перанесены сюды з Каралеўскай Шатландскай акадэміі. 3 1903 г. галерэя атрымала магчымасць набываць творы мастацтва і ў яе экспазіцыі з'явіліся палотны "Прывід пасля пропаведзі" Гагена, "Алегорыя" Эль Грэка, скульптура Берніні, "Тры Грацыі" Кановы. Упрыгожваюць музей шэдэўры, падараваныя ці прадастаўленыя ў часовае карыстанне калекцыянерамі. 3 іх ліку ў экспазіцыі можна ўбачыць ікону Троіцы пэндзля Гуго ван дэр Гуса з калекцыі каралевы. У 1945 г. герцаг Сазэрленд перадаў музею на доўгі тэрмін захавання палотны, сярод якіх ёсць работы Рафаэля, Тыцыяна, Рэмбранта, а таксама знакамітыя "Сем Таінстваў" Пусена. Маюцца тут творы Цінтарэта, Клода Ларэна, Рэйнальдса, Гейнсбара. Калекцыя твораў французскага імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму знач-на ўзбагацілася дзякуючы дару сэра Аляксандра Мэйтланда (работы Гагена, адна з карцін серыі "Стагі" Клода Манэ, палатно "Гара Сан-Віктуар" Поля Сезана).Жывапіс Шатландыі прадстаўлены ў галерэі найбольш поўна. Творчасць практычна ўсіх знакамітых мастакоў краіны атрымала тут глыбокае і падрабязнае асвятленне. Сярод іх – Алан Рэмсэй, Генры Раэбэрн, Дэвід Уілкі, Уільям Тэрнер і многія іншыя. Гонарам музея з'яўляецца карціна Раэбэрна "Яго светласць Роберт Уолкер катаецца на каньках на возеры Дадзінгстон Лох" і партрэт, на якім Рэмсэй намаляваў сваю жонку Маргарэт Ліндсэй. Калекцыі акварэлей, малюнкаў і гравюр галерэі налічваюць каля 20 тыс. адзінак. Найбольш каштоўныя сярод іх – малюнкі італьянскіх і галандскіх мастакоў.

Акрамя сталай экспазіцыі Нацыянальная галерэя Шатландыі праводзіць часовыя выстаўкі. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца выстаўка акварэлей Тэрнера, якая звычайна наладжваецца ў студзені кожнага года.

Нацыянальвы музей Шатландыі – адзін з буйнейшых праектаў Еўропы канца XX ст. – быў адкрыты напярэдадні новага тысячагоддзя ў Эдынбургу. Экспазіцыі музея адлюстроўваюць нацыянальную гісторыю і дэманструюць дасягненні шатландцаў як нацыі.

Калекцыі рэчавых, пісьмовых і выяўленчых гістарычных першакрыніц збіраліся на працягу стагоддзяў і распавядаюць аб розных баках жыцця шатландскага этнасу ад старажытнасці да сучаснасці, што разбурае шырокараспаўсюджаны міф аб Вялікабрытаніі як монаэтнічнай краіне.

На стварэнне новага музея ўрад Аб'яднанага Каралеўства выдзеліў 32,5 млн фунтаў. Болыная частка гэтай сумы пайшла на ўзвядзенне новага будынка музея, які знаходзіцца ў старой частцы Эдынбурга. Шатландскія архітэктары стылізавалі інтэр'еры музея пад сярэдневяковы замак, заключаны ў мадэрновую экстэр'ерную абалонку.

Экспазіцыя музея знаёміць з геалагічнымі і прыроднымі асаб-лівасцямі Шатландыі, першымі насельнікамі краіны, культурай вікінгаў, з гісторыяй краіны ў перыяд 1100-1707 гг., калі Шатландыя была незалежным каралеўствам, а таксама ў перыяд яе ўваходжання ў склад Брытанскай імперыі ў XVIII – пачатку XX ст. Жыццё Шатландыі ў XX ст. прадстаўлена ў галерэі на асобным паверсе.

Наведвальнікі музея маюць магчымасць пазнаёміцца не толькі з экспазіцыяй і выстаўкамі Нацыянальнага музея, але і з інфармацыяй пра музейныя прадметы, што знаходзяцца ў фонда-сховішчах, якую прадастаўляе база даных дзякуючы выкарыстанню камп'ютэрных інтэрактыўных тэхналогій.

МУЗЕІ ГЕРМАНІІ.

Сёння ў Германіі налічваецца каля 5600 музеяў. Гэта самыя розныя ўстановы: ад невялікіх краязнаўчых музеяў да выставачных залаў вялікіх гарадоў. Акрамя гэтага дзейнічае каля 480 выставачных залаў без уласных калекцый. Такая разнастайнасць тлумачыцца федэратыўным уладкаваннем Германіі.

Штогод каля 100 млн чалавек наведваюць выстаўкі і музейныя экспазіцыі краіны. Асабліва папулярныя ў наведвальнікаў 600 музеяў выяўленчага мастацтва краіны, якія штогод праводзяць каля 3500 вялікіх і малых выставак жывапісу, скульптуры, відэамастацтва і графікі. Многія з іх выраслі з аматарскіх калекцый германскіх манархаў мінулага – напрыклад, такія калекцыі сталі ядром збораў галерэй у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене.

У адпаведнасці з адміністрацыйным падпарадкаваннем музеі Германіі падзяляюцца на нацыянальныя і рэгіянальныя. Акрамя іх існуюць і прыватныя музеі, якіх у краіне налічваецца каля 1500.

У справе падтрымкі ўстаноў культуры Германія ўваходзіць у лік эталонных краін. Тут створаны і дзейнічаюць цэлыя структуры, якія займаюцца некамерцыйнымі ўстановамі. У сістэму дзяржаўнай падтрымкі ўваходзіць і сетка музеяў сучаснага мастацтва, якія асабліва актыўна будаваліся пасля вайны. Дзяржава апякае таксама выставачныя залы.

У Германіі ніколі не было агульнанацыянальнага міністэрства культуры. Але канцлер Г. Шродэр ў 1998 г. зацвердзіў у сваім ведамстве пост дзяржаўнага міністра па справах культуры, задачай якога з'яўляецца прадастаўленне кансультацый, стымуляванне культурнай палітыкі федэрацыі, а таксама абарона інтарэсаў нямецкай культуры на міжнародным узроўні. Асаблівая ўвага ўрада краіны надаецца пяці ўсходнім землям, жадаючым пераадолець наступствы расколу Германіі ў культурнай сферы. У рамках інвестыцыйнай праграмы "Культура ў новых землях" у 1999-2000 гг. было выдаткавана 150 млн. марак на развіцце культурных устаноў былой ГДР.

На агульнадзяржаўным узроўні музеямі займаюцца таксама Фонд прускай культурнай сладчыны, Берлінскі інстытут музейнай справы. Пытанні культурнага развіцця краіны разглядаюцца на Пастаяннай канферэнцыі міністраў культуры зямель.

Рэгіянальныя музеі складаюць вялікую групу і курыруюць іх міністэрствы культуры зямель. У сваю чаргу яны падзяляюцца на тры групы: мясцовыя музеі; музеі зямель, прысвечаныя цэлым абласцям; музеяфіцыраваныя замкі і маёнткі – помнікі гісторыі і культуры.

Згодна з Канстытуцыяй краіны, падтрымка мастацтва і культуры ўваходзіць у кампетэнцыю ўрадаў 16 германскіх зямель. На іх тэрыторыях узнікла мноства вялікіх і малых культурных цэнтраў. Кожны населены пункт з насельніцтвам больш за 5 тыс. чалавек мае свой музей, большасць з якіх фінансуецца з бюджэту гарадоў і абшчын.

Акрамя міністэрстваў культуры пытаннямі музейнай справы займаюцца фонды культуры, упраўленні культуры пры гарадскіх магістратах, нацыянальнае аддзяленне Міжнароднага савета музеяў і іншыя грамадскія аб'яднанні.

Кожны музей раз у год робіць перасоўную выстаўку, якая дазваляе нават невялікаму гораду зямлі стаць на пэўны час сталіцай.

Па колькасці музеяў вылучаюцца Берлін, Мюнхен, Дрэздэн, Гановер, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф і Штутгарт.

У 1980 – 1990-я гг. Германія перажыла сапраўдны "музейны бум". Адзначаўся значны рост як колькасці музеяў, так і колькасці наведвальнікаў. Калі ў 1969 г. у музеях краіны налічвалася 14 млн. музейных наведвальнікаў, у 1975 г. – 22 млн., у 1981 г. – 54 млн., то ў 2001 г. – больш за 100 млн. чалавек. Прычыны гэтага росту некаторыя даследчыкі бачаць у значнай дзяржаўнай падтрымцы, у прытоку турыстаў, ва ўдасканаленні арганізацыі музейнай справы, зарыентаванай на шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць, а таксама ў планамернай рэкламе музеяў і выставак сродкамі масавай інфармацыі. У апошнія дзесяцігоддзі музеі нават у малых населеных пунктах праектуюцца і будуюцца больш актыўна, чым іншыя грамадскія будынкі.

У пачатку 1990-х гг. адбылося аб'яднанне шэрага музеяў-дубляў, якія існавалі ў дзвюх частках Берліна, як, напрыклад, Музея нямецкай гісторыі (створаны ў 1951 г. па рашэнню ЦК СЕПГ, асноўная канцэпцыя будавалася на марксісцка-ленінская інтэрпрэтацыі германскай гісторыі) з Германскім гістарычным музеем (заснаваны ў 1988 г. Г. Колем у піку стварэння Музея нямецкай гісторыі). Германскі гістарычны музей сёння займае таксама будынак Музея нямецкай гісторыі, яго супрацоўнікі адказваюць за захаванне рэшткаў Берлінскай сцяны. Шэраг гісторыка-мастацкіх калекцый з Заходняга Берліна былі перавезены на сваё старое месца – на "Востраў музеяў".

Музейнае будаўніцтва ў Германіі мае даўнія і ўстойлівыя архітэктурныя традыцыі, падрыхтаваныя архітэктарамі К. Ф. Шынкелем і Л. фон Кленце. Сярод аўтараў новых праектаў – М. Ван дэр Роэ, М. Лембрук, Ф. Джонсан, Г. Холейн, Дж. Сцірлінг, Р. Маер, О. М. Унгерс і іншыя. Да наватарскіх работ 1980–1990-х гг. адносяцца "набярэжная музеяў" у Франкфурце-на-Майне, новы будынак Музея прыкладнога мастацтва знакамітага амерыканскага архітэктара Р. Маера (1984 г.) і адкрыты ў тым жа годзе новы будынак Дзяржаўнай галерэі ў Штутгарце брытанца Дж. Сцірлінга. Музей Людвіга ў Кёльне, Бундэс-кунстхале Г. Пайхеля ў Боне і Кунстхале О. М. Унгера ў Гамбургу – вяршыня музейнай архітэктуры Германіі. Менш прыкметны, чым музеі вялікіх гарадоў, але не менш цікавы, адкрыты ў 1998 г. Фелікс-Нусбаум-хаус у Оснабруку, прысвечаны творчасці амаль забытага мастака.

У музейным ландшафце Германіі дамінуе Берлін з яго "Востравам музеяў", музейнымі комплексамі ў Далеме і Шарлотэнбургу, якія вядомы ўсяму свету.

Дзяржаўныя музеі на “Востраве музеяў” знаходзяцца ў самым цэнтры Берліна на востраве, якія абмываецца водамі ракі Шпрэі і яе рукава Купферграбэн у пяці будынках – Стары музей, Новы музей, Нацыянальная галерэя, Пергамскі музей, Музей Бодэ. Тут знаходзяцца сусветна вядомыя калекцыі. Агульная колькасць прадметаў у якіх дасягае 1,5 млн.: музей егіпетскага мастацтва і калекцыя папірусаў, музей старажытнага блізкаўсходняга мастацтва; калекцыя ўсходнеазіяцкага мастацтва; музей перадгісторыі і ранняга перыяду гісторыі чалавецтва; збор твораў антычнасці; калекцыя раннехрысціанскага і візантыйскага мастацтваў; музей ісламскага мастацтва, калекцыя скульптуры; карцінная галерэя; старая нацыянальная галерэя; аддзел гравюр і малюнкаў; нумізматычная калекцыя; музей нямецкага народнага мастацтва; этналагічны музей.

Аснову Вострава музеяў склала калекцыя мастацкіх каштоўнасцей брандэрбургскіх курфюрстаў. сабраная ў канцы XVII ст. у берлінскім палацы, так званай Кунсткамеры, у якую ўваходзілі антычны і нумізматычны кабінеты, калекцыі экзатычных раслін і мінералаў. На працягу XVIII ст. збор быў значна павялічаны.

Гісторыя "Вострава музеяў" пачынаецца з 1797 г., калі археолаг А. Хірт прапанаваў Фрыдрыху II стварыць на аснове яго мастацкай калекцыі агульнадаступны музей. Аднак ажыццявіцца гэтаму праекту не далі напалеонаўскія войны і толькі ў 1830 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Старога музея на востраве (аўтар праекта і ідэі каралеўскі архітэктар К. Ф. Шынкель). Сёння будынак лічыцца адным з лепшых узораў неакласічнай нямецкай архітэктуры і змяшчае ў асноўным калекцыі антычных старажытнасцей.

На працягу XIX і ў пачатку XX ст. калекцыі хутка раслі, што абумовіла далейшую "музейную" забудову вострава. Насупраць Старога музея па вуліцы Бодэнштрасэ ў 1843-1847 гг. быў пабудаваны і ў 1859 г. адчынены Новы музей (аўтар вучань Шынкеля Ф. А. Шцюлер). Тут знаходзіліся дагістарычныя, этналагічныя і егіпецкія калекцыі, а таксама старажытны, мастацкі зборы і ка-бінет эстампаў. Аднак будынак быў разбураны падчас апошняй вайны. Сёння ў Новым музеі размяшчаецца егіпецкая калекцыя, музей перадгісторыі і ранняга перыяду гісторыі чалавецтва.

Ідэя стварэння Нацыявальнай галерэі ўзнікла падчас рэвалюцыі 1848 г., аднак яе рэалізацыя пачалася, калі консул Прусіі ў Швецыі і Нарвегіі I. Вагенер ахвяраваў у 1861 г. дзяржаве сваю калекцыю нямецкага жывапісу (262 работы). Другі вучань Шынкель I. Г. Штрак у перыяд паміж 1866 і 1876 гг. пабудаваў палац для Нацыянальнай галерэі па праекту архітэктара Ф. А. Шцюлера ў выглядзе "параднай залы". Аб гэтым сведчаць дзве вонкавыя лесвіцы справа і злева ад партала. У Нацыянальнай галерэі, задуманай як збор твораў нямецкага мастацтва, прадстаўлены карціны і скульптура XIX і XX ст. Калекцыі галерэі сістэматычна пашыраліся, перш за ўсё пад кіраўніцтвам вядомага мастацтвазнаўцы X. Фон Чудзі (падчас яго дырэктарства ў 1896–1909 гг. Нацыянальная галерэя папоўнілася творамі французскіх імпрэсіяністаў, але гэта не спадабалася нацыяналістычна настроеным уладам, у выніку Чудзі з'ехаў у Мюнхен) і яго пераемніка Л. Юсці, які ў 1910–1933 гг. быў дырэктарам, а ў 1946–1957 гг. генеральным дырэктарам дзяржаўных музеяў Берліна.

Сёння ў Нацыянальнай галерэі захоўваецца лепшы збор нямецкіх мастакоў XIX-XX ст., сярод іх – работы берлінскіх мастакоў Кругера, Менцэля, Лібермана і іншых, а таксама карціны Слефогта, Корынта і мастакоў з таварыства "Брукс". Акрамя гэтага, тут знаходзяцца карціны французскіх імпрэсіяністаў (Сезана, Манэ, Дэга), а таксама "Майскае дрэва" Гоі. На першым паверсе дэманструюцца карціны і скульптура перыядаў класіцызму і рэалізму. На другім паверсе знаходзяцца работы французскіх майстроў XIX ст., нямецкіх імпрэсіяністаў, экспрэсіяністаў, прадстаўнікоў "новага рэалізму". На верхнім паверсе арганізуюцца спецыялізаваныя выстаўкі Нацыянальнай галерэі. У асобным памяшканні знаходзяцца фрэскі так званага "Дома Бартольдзі", створаныя назарэйцамі П. Карнэліусам, Ф. Авербекам, В. Шадавым і Ф. Фейтам.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у сувязі з актыўным удзелам музейных супрацоўнікаў у раскопках у Егіпце, Грэцыі і Пярэдняй Азіі ў Берлін пачалі паступаць шматлікія старажытныя шэдэўры мастацтва. У тым, што музеі вострава на Шпрэі за кароткі тэрмін ператварыліся ў збор сусветнай значнасці, вялікая заслуга генеральнага дырэктара Р. Шонэ і вядомага нямецкага гісторыка і мастацтвазнаўцы В. фон Бодэ, які ў 1906–1920 гг. быў дырэктарам берлінскіх музеяў і прысвяціў сваё жыццё арганізацыі музейнай справы ў Берліне.

3 1897 па 1903 г. у паўночнай частцы вострава пад кіраўніцтвам Э. Э. Фон Інэ быў узведзены будынак, які спачатку насіў імя Кайзера Фрыдрыха, а ў 1956 г. атрымаў імя свайго стваральніка В. фон Бодэ – Музей Бодэ.

У цэнтры "Вострава музеяў" знаходзіцца Пергамскі музей. П-падобны будынак уяўляе цэлы комплекс музеяў – сховішчаў старажытнага мастацтва. Будаўніцтва музея стала неабходным па меры накаплення каштоўнасцей, знойдзеных археолагамі Шліманам, Дзёрпфельдам, Хуманам падчас раскопак у Малой Азіі і Егіпце. А ўзведзены ён па настаянню В. фон Бодэ. Адразу пасля адкрыцця ў 1930 г. яго пачалі называць адным з "цудаў свету".

У Пергамскім музеі можна ажыццявіць захапляльнае вандраванне ў мінулыя эпохі, пабываць у даўно знікшых гарадах Малой Азіі і Месапатаміі, у літаральным сэнсе прайсці праз рыначную браму старажытнага Мілета, дакрануцца рукой да фрагментаў вуліцы працэсій легендарнага Вавілона, па шырокай каменнай лесвіцы падняцца да Вялікага алтара Зеўса (менавіта яму музей абавязаны сваёй назвай). Усе пералічаныя, як і многія іншыя каштоўныя рэліквіі музея – сапраўдныя.

Галоўным экспанатам збора твораў антычнасці з'яўляецца Вялікі алтар Зеўса – помнік эліністычнага мастацтва. Ён датуецца 180-160 гг. да н. э., быў узведзены таленавітымі дойлідамі і ваяцелямі старажытнага горада Пергама, які знаходзіўся ў Малой Азіі (на тэрыторыі сучаснай Турцыі). Старажытныя грэкі лічылі, што горад быў заснаваны Пергамам – нашчадкам знакамітага Ахіла. Алтар Зеўса быў знойдзены ў канцы XIX ст. падчас раскопак Пергамскага царства і перададзены ў дар "Востраву музеяў". Даўжыня грандыёзнага скульптурнага алтара складае 120 метраў. Наведвальнікам патрабуецца шмат часу, каб уважліва разгледзець на гарэльефным фрызе міфалагічную бітву алімпійскіх багоў з гігантамі. Грамавержац Зеўс перамог гігантаў, і яны загінулі ў страшэнных пакутах. Да нашага часу фрыз алтара дайшоў моцна пашкоджаным. Спецыяльны будынак для Пергамскага алтара быў пабудаваны ў 1907 г.

Другі каштоўны экспанат музея – брама горада Мілета ў Іоніі, узведзеная ў 160 г. н. э. – адзін з лепшых узораў антычнага горадабудаўніцтва.

Перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі быў часам вывучэння, аналізу калекцый. У 1945 г. Стары і Новы музеі былі цалкам знішчаны. Шмат рэчаў загінула, частку рэквізавалі саюзнікі (потым вярнулі: СССР – ва Усходні Берлін, ЗША і Англія – у Заходні). У пасляваенны час музеі былі адноўлены. У 1999 г. "Востраў музеяў" быў уключаны ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Зараз комплекс рэстаўрыруецца і дапаўняецца новымі будынкамі. Такім чынам ствараецца буйнейшы універсальны музей Еўропы, праект плануецца завяршыць у 2010 г.

"Востравам музеяў", згодна з традыцыяй, загадвае Генеральны дырэктар, які мае двух намеснікаў: адзін адказвае за ўсе адміністрацыйныя пытанні, другі курыруе адукацыйны аддзел. Кожны музей мае свайго дырэктара і штат навуковых супрацоўнікаў. Арамя таго, ёсць агульны аддзел музейнай педагогікі, дзіцячая галерэя і бібліятэка. Працуе таксама цэнтральная рэстаўрацыйная майстэрня.

Музейная біліятэка налічвае 130 тыс. тамоў, 560 экземпляраў перыядычных выданняў. Ёсць фотаархіў. Рэгулярна выдаюцца каталогі, а таксама часопіс.

Каштоўныя ў навуковых адносінах калекцыі знаходзяцца ў Шарлонтэнбургскім палацы (летняя рэзідэнцыя Сафі Шарлоты – жонкі Фрыдрыха ІІІ). Тут, дарэчы, экспануецца сусветнавядомы бюст Неферціці.

Цямецкі Гугенхейм у Берліне — выставачная зала, якая адкрыта "Дойчэ банкам" сумесна з Фондам Гугенхейма. Праводзіць чатыры высакакласныя выстаўкі ў год.

Берлінская карцінная галерэя ўпершыню адкрыта ў 1830 г. на базе калекцый Вялікага прускага курфюрста (1620-1688) і караля Фрыдрыха Вялікага (1712-1786). Для таго часу гэта быў адзін з лепшых навукова арганізаваных музеяў. Хуткі рост калекцыі зрабіў неабходным пераезд музея ў новы будынак. Гэта адбылося ў 1904 г. Пазней будынак пачаў насіць імя В. фон Бодэ. Ён, як ніхто іншы, садзейнічаў росквіту берлінскага мастацкага збору і заклікаў заможных гараджан аказваць падтрымку ў набыцці новых твораў мастацтва. Але ж гісторыя развіцця Берлінскай карціннай галерэі аказалася хоць і бліскучай, але вельмі кароткай. Бамбардзіроўкі Берліна амаль цалкам знішчылі будынак музея. Пры гэтым былі пашкоджаны каля 400 карцін. Пасля вайны раздзяленне нямецкай сталіцы прывяло да раздзялення калекцыі. Найболын каштоўныя шэдэўры жывапісу аказаліся ў заходнім прыгарадзе Берліна – Далеме, астатняе – у раёне Мітэ. Толькі ў 1997 г., праз 50 гадоў пасля падзелу, збор зноў быў аб’яднаны ў спецыяльна ўзведзеным будынку на тэрыторыі Ціргартэна. Гэта было другое нараджэнне музея.

Сёння Берлінская галерэя валодае адной з самых шматлікіх і разнастайных калекцый жывапісу Еўропы XIII–XVIII ст. Пры гэтым, збор твораў нямецкіх мастакоў у галерэі не самы поўны ў Германіі, хаця ён уключае палотны такіх гігантаў, як Дзюрэр, Гальбейн і Кранах. Гонарам берлінскай экспазіцыі з'яўляюцца залы італьянскага і галандскага Адраджэння.

Італьянскі жывапіс прадстаўлены ў Берліне не столькі знакамітымі імёнамі, колькі разнастайнасцю стыляў. 3 берлінскім зборам нідэрландскай школы можа сапернічаць толькі Нацыянальная галерэя ў Лондане. "Залаты век" галандскага жывапісу прадстаўлены палотнамі Я. Ван Эйка ("Партрэт Джаванні Арнольфіні"), творамі Кампена, Р. ван дэр Вейдэна ("Алтар Бладэлена"), П. Крыстуса, Г. Мемлінга, I. Босха, П. Брэйгеля Старэйшага. У галерэі таксама прадстаўлены знакамітыя галандскія жывапісцы Рэмбрант (16 палотнаў) і Вермеер ("Бакал віна" і "Дзяўчына з жамчужнымі каралямі").

Адзін з найбольш папулярных музеяў Берліна сёння – Актыўны музей фашызму і супраціўлення, заснаваны ў 1985 г. у будынку штаб-кватэры SS, SD і гестапа (палац прынца Альбрэхта XVII ст.). Музей перш за ўсё цікавы сваёй канцэпцыяй – у ім адсутнічае падзел паміж экспазіцыяй (для шырокай публікі) і фондамі (для спецыялістаў). Перавага аддаецца перасоўным экспазіцыям. Яны робяцца нават на вуліцах, на месцах нацысцкага тэрору. Дэвіз музея: наведвальнікі – не спажыўцы гісторыі, а яе стваральнікі. Экспазіцыя накіравана на дыялог з аўдыторыяй.

У Берліне вялікай папулярнасцю карыстаецца таксама выстаўка, прысвечаная помнікам камунізму і былой ГДР.

Музеі Дрэздэна, Кёльна, Бона, Франкфурта-на-Майне і Мюнхена таксама ўтвараюць ансамблі, дзе наведвальнікі могуць вандраваць скрозь стагоддзі і жанры, адкрываючы для сябе нешта новае.

Сетка дрэздэнскіх музеяў уключае 12 устаноў, размешчаных у 6 раёнах горада. У Цвінгеры – унікальным помніку позняга барока, пабудаваным М. Д. Попельманом пад патранажам Аўгуста Моцнага ў 1711–22 гг., сёння знаходзяцца галерэя "Старыя майстры", Гістарычны музей, калекцыя парцэляны. У Альберцінуме – галерэя "Новыя майстры", "Зялёныя скляпенні", нумізматычны кабінет, калекцыя скульптуры. У іншых раёнах горада – кабінет гравюр і малюнкаў, цэнтральная мастацтвазнаўчая бібліятэка, Музей мастацтваў і рамёстваў, Музей фальклору, калекцыя лялек.

Галоўны аб'ект у комплексе – галерэя "Старыя майстры".

Яна знаходзіцца ў галерэі Зэмпера (прыбудова да Цвінгера, зробленая ў XIX ст., назва якой паходзіць ад імя архітэктара). Сёння ў галерэі можна знайсці творы Рафаэля і Каналета, Рубенса і Ван Дэйка, Тыцыяна і Карэджа. Галоўны экспанат галерэі – "Сіксцінская мадонна" Рафаэля, якая прыбыла ў Дрэздэн у 1754 г. з італьянскай царквы Сан-Сіста.

Стварэнне знакамітай галерэі было пачата яшчэ ў XVI ст. саксонскім курфюрстам Фрыдрыхам Мудрым, які апякаў мясцовых мастакоў і сам збіраў працы Л. Кранаха і А. Дзюрэра. Збіральніцтва было працягнута курфюрстам Аўгустам I, які ў 1560 г. у сваім дрэздэнскім палацы заснаваў кунсткамеру – збор гістарычных і прыродна-этнаграфічных рэдкасцей. У яго калекцыях былі манеты, гравюры і карціны, якія не выстаўляліся, а выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання сцен. Саксонскія курфюрсты працягвалі гэту справу. Сапраўдны размах папаўненне галерэі набыты пры Аўгусце II – курфюрсце саксонскім, каралі польскім. Пры ім была створана аснова будучай сусветнавядомай галерэі, якая размясцілася ў спецыяльна падрыхтаваным для яе памяшканні "Канюшань". Аўгуст III у сярэдзіне XVIII ст. набываў ужо цэлыя калекцыі на аўкцыёнах Парыжа, Венецыі і Антверпена і ператварыў прыдворны збор у адзін з буйнейшых скарбаў еўрапейскага жывапісу. У 1745 г. быў куплены знакаміты збор мадэнскага герцага Франчэска III д'Эстэ, у які ўваходзіў шэдэўр Тыцыяна "Дзінарый кесара".

Афіцыйнай датай заснавання Дрэздэнскай карціннай галерэі лічыцца 1772 г. А за год да гэтага з яе быў выдзелены так званы "Зялёны звод" – багацейшы збор упрыгожанняў і ювелірных вырабаў мінулых стагоддзяў, сярод іх – вырабы са слановай косці, у тым ліку цудоўная выява Нептуна, які нясе фрэгат.

У лютым 1945 г. падчас бамбардзіровак быў разбураны знакаміты дрэздэнскі архітэктурны ансамбль Цвінгер, у склад якога ўваходзіла і Дрэздэнская галерэя. Гітлераўцы схавалі шэдэўры ў сырых вапнавых шахтах і гатовыя былі наогул усё знішчыць, каб толькі яны не трапілі да рускіх. Па загаду камандавання салдаты I Украінскага фронта два месяцы вялі пошук шэдэўраў і знайшлі іх на мяжы з Чэхаславакіяй у шахце Пакаў-Ленгельфельд. У палацы Везенштэйна была знойдзена вялікая калекцыя графікі – сапраўдныя малюнкі Рэмбранта, Карэджа, Грэза і іншых знакамітых мастакоў, Былі знойдзены карціны "Аўтапартрэт з Саскіяй" Рэмбранта, "Партрэт дамы ў белым" Тыцыяна, "Свята" Вато, "Сіксцінская мадонна" Рафаэля.

Гістарычны музей уяўляе сабой музей гісторыі зброі і месціцца тут жа ў галерэі Земпера.

Калекцыя парцэляны — лепшая ў свеце пасля Сераля ў Стамбуле.

Карцінная галерэя "Новыя майстры" прадстаўляе мастацтва XIX і XX ст. і знаходзіцца ў Альберцінуме ў будынку былога Арсенала. У 1937 г. нацысты вывезлі з галерэі і знішчылі творы ўсіх нямецкіх фармалістаў. Галоўнай тэмай экспазіцыі з'ўляецца дрэздэнская рамантыка і мастацтва ГДР.

"Зялёныя скляпенні" — гэта сакрэтная скарбніца саксонскіх курфюрстаў, скляпеністая столь якай была пафарбавана ў зялёны колер (адсюль і назва). У 1724 г., першай з еўрапейскіх каралеўскіх скарбніц, яна была пераўтворана ў музей. Сёння там экспануецца 3100 шэдэўраў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (у т. л. куфар каралевы Ядвігі, коўш Івана Грознага — падарунак Пятра I).

Нумізматычны кабінет — адзін з лепшых у свеце — збіраўся саксонскімі курфюрстамі з пачатку XVI ст.

Калекцыя скульптуры ўключае 1400 адзінак, значная частка якой – антычныя. Гэта лепшы збор антычнай скульптуры па-за межамі Італіі. Тут захоўваюцца работы Фідзія, Паліклета.

Кабінет гравюр – адна са старэйшых і багацейшых калекцый графікі, якая ўтрымлівае 390 тыс. аркушаў. Тут прадстаўлены раннія гравюры, мастацтва плаката, японскія ксілаграфіі.

Апошнія з названых музеяў – адносна маладыя, існуюць з канца XIX ст., але маюць важнае навуковае значэнне.

Старая пінакатэка ў Мюнхене захоўвае сапраўдныя шэдэўры нямецкага і фламандскага жывапісу. Значнымі творамі тут прадстаўленьі таксама італьянская, галандская, французская і іспанская школы. У ёй няма ні твораў скульптуры, ні графікі, ні прадметаў прыкладнога мастацтва, ні старадаўняй мэблі. На сценах і стэндах выстаўлены толькі карціны еўрапейскага жывапісу з XIV па XVIII ст.

Гісторыя Старой пінакатэкі пачынаецца з 1528 г., калі баварскі герцаг Вільгельм IV фон Вітэльсбах пачаў упрыгожваць сваю рэзідэнцыю карцінамі на біблейскія і гістарычныя тэмы. Праз год мастак Альтдорфер напісаў знакамітую карціну "Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем" і з гэтага часу вядзе свой пачатак баварская калекцыя. Апошнім з дынастыі, хто ўзбагаціў калекцыю, быў Людвіг I. Ён перавёз у Мюнхен калекцыі з Дзюсельдорфа, Мангейна і замка Карлштэйн. У гэты час у мюнхенскай рэзідэнцыі Вітэльсбахаў у выніку пакупак, секулярызацыі царкоўнай маёмасці, падарункаў сабралася значная колькасць жывапісных палотнаў. Узнікла неабходнасць у спецыяльным будынку, які і быў пабудаваны ў 1826–1836 гг. па праекту Л. фон Кленцэ ў стылістычных формах венецыянскіх палацаў эпохі Рэнесансу. У 1944 г. будынак быў зруйнаваны, але карціны ўратавалі. Пасля рэканструкцыі ў 1957 г. Старая пінакатэка зноў адчыніла свае дзверы. Сёння – гэта адзін з найбольш грунтоўных збораў заходнееўрапейскага жывапісу, пачынаючы ад ранніх нямецкіх школ і канчаючы палотнамі Гоі, а паміж імі – Рубенс, Ван Дэйк, Рэмбрант, Рафаэль, Цінтарэта, Крэспі, Каналета, Эль Грэка, Бушэ, Мурыльо і іншыя. Мюнхенская гліптатэка была першым архітэктурным праектам Л. фон Кленцэ, які быў здзейснены ў 1816-—1830 гг. на плошчы Кёнігсплац. Будынак гліптатэкі мае чатыры флігелі, унутраны двор дае святло залам, іх упрыгожваюць аркады з мі калонамі. Знадворныя сцены без вокнаў ажыўляюцца скульптурамі, якія ўстаноўлены ў нішах. Над уваходам у гліптатэку захаваўся надпіс “Людвіг І. Кароль Баварыі заклаў гэты музей-сховішча для помнікаў старажытнай скульптуры, якія збіраў усюды". Заснавальнік музея надаваў увагу пераважна помнікам антычнасці. Так, хутка пасля адкрыцця ў 1812 г., сюды былі прывезены фрагменты храма Афіны Афаі з Эгіны (позняя архаіка) і скульптурных упрыгожанняў гэтага храма, потым рымская мазаіка, скульптурныя партрэты Гамера, Геракла, Афрадыты і шмат іншых прадметаў, калекцыя асірыйскай скульптуры. Усё гэта экспанавалася ў сугучным па стылістыцы і шыкоўным інтэр'еры. Падчас вайны будынак быў разбураны, але скулыітуры захаваліся, бо знаходзіліся ў сховішчах. Да 1953 г. вяліся рэстаўрацыйныя работы. Адкрыццё гліптатэкі адбылося толькі ў 1972 г. Яе экспазіцыя пабудавана па жанрава-храналагічнаму прынцыпу. Сёння гэта адна са значных калекцый еўрапейскіх скульптур. Сярод яе шэдэўраў – цудоўны "Барберынскі фаўн" (каля 220 г. да н. э.), названы па месцу знаходжання палаца Барберыні ў Рыме, надмагільны рэльеф Мнесарэтаў (каля 380 г. да н. э.), скульптурныя групы заходняга і ўсходняга франтонаў эгінскага храма (каля 500 г. да н. э.), "Хлопчык з гусем" (каля 200 г. да н. э.).

Новая пінакатэка была афіцыйна адкрыта ў 1853 г. (аўтар ідэі Людвіг I, архітэктар А. фон Войт). У ёй дэманструецца збор жывапісных твораў, якія датуюцца не раней XIX ст. У 1945 г. будынак быў настолькі зруйнаваны, што ў 1949 г. яго вырашылі знесці, 3 1975 па 1981 г. па праекту архітэктара А. Фон Бранка будавалася новае "постмадэрнавае" памяшканне, якое ўтварае сваёй вольнай архітэктурай процівагу сіметрычнай палацавай архітэктуры Старой пінакатэкі. Гэта буйнейшы музейны праект пасляваеннага часу ў Еўропе, будаўніцтва якога абышлося ў 105 млн нямецкіх марак.

Экспазіцыя Новай пінакатэкі ўключае каля 550 палотнаў і 50 скульптур перыяду паміж ракако і мадэрнам. Экспануюцца творы мастацтва каля 1800 г. (Гоя), ранняга рамантызму (К. Д. Фрыдрых), нямецкага і французскага позняга рамантызму (Дэлакруа, Шпіцвег), "нямецкіх рымлян" (фон Марэ, Бёклін), імпрэсіяністаў (Манэ, Сезан, Гаген, Ван Гог, Корынт), сімвалізму і мадэрну (Клімт, Штук і Тулуз-Латрэк). Усяго ў фондах музея захоўваецца каля 4,5 тыс. карцін.

Гонарам музея з'яўляецца рэстаўрацыйная майстэрня.

Калекцыя Баварскага нацыявальнага музея бярэ свой пачатак ад праведзенай у 1885 г. выстаўкі ў Крэпасці герцага Макса, плошча якой хутка аказалася для яе цеснай. Будынак для музея быў узведзены ў 1894–1900 гг. па праекту архітэктара Г. фон Зайдля. Унутраныя памяшканні музейнага комплексу стылістычна паўтараюць тыя эпохі, экспанаты якіх выстаўлены ў залах. Розныя архітэктурныя формы фасада адпавядаюць змене прадстаўленых гістарычных эпох: рэнесанс, барока, ракако, рамантызм.

Баварскі нацыянальны музей з'яўляецца адным з найболыц значных музеяў, якія прадстаўляюць еўрапейскую скульптуру і прыкладное мастацтва ў Германіі. Яго фондавы збор можна падзяліць на два вялікія аддзелы: 1) мастацка-гістарычны (еўрапейскае мастацтва і мастацкія рамёствы ад сярэдневякоўя да XX ст., у т. л. старажытнагерманская скульптура, насценныя дываны, работы па кераміцы, золату і срэбру, мініяцюры, інтарсіі, роспіс па шклу; 2) народнага мастацтва (баварскі ганчарны посуд, хатняе начыненне, адзенне і інш.). Да найбольш вядомых экспанатаў адносяцца аўгсбургскі ткацкі пакой, зала фландрскіх габеленаў, зброевая зала і інш.

У гэтым жа музейным комплексе размешчаны яшчэ два музеі: Новая калекцыя, якая мае статус дзяржаўнага музея прыкладнога мастацтва, уключае каля 30 тыс. прадметаў рамесных вырабаў, прамысловага дызайну, прыкладной графікі і распавядае аб творчым развіцці ў галіне прыкладнога мастацтва і дызайну, і Дагістарычная калекцыя, якая ўяўляе археалагічны музей і паказвае гісторыю Баварыі ад каменнага веку да ранняга сярэдневякоўя. Кожная эпоха мае асобную выставачную залу.

Нямецкі музей з'яўляецца адным з самых папулярных і любімых (1,5 млн наведвальнікаў штогод) навукова-тэхнічных музеяў свету. Тут на плошчы больш за 45 тыс. кв. м і на прыкладзе 17 тыс. аб'ектаў дэманструюцца асноўныя прынцыпы і развіццё прыродазнаўства і тэхнікі.

Музей заснаваны ў XIX ст. інжынерам О. фон Мюлерам. У 1925 г. экспанаты музея былі размешчаны ў спраектаваным Г. фон Зайдлем комплексе на Ізорскім востраве. Сённяшні музей – гэта месца інтэрактыўнай дзейнасці, дзе да ўсяго можна дакрануцца, што вельмі прываблівае наведвальнікаў. Для разумення найбольш важных прыродных і тэхнічных працэсаў у экспазіцыі ёсць інструкцыі, фільмы, карціны, дыярамы і мадэлі. У сабраны больш за 700 тыс. кніг і часопісаў, а таксама розная навуковая дакументацыя.

У бакавой частцы Прыдворнага сада Мюнхена, дзе знаходзіца рэзідэнцыя баварскага ўрада, размешчана Дзяржаўная калекцыі егіпецкага мастацтва. Збор скульптуры, рэльефаў, упрыгожваннняў, саркафагаў, зброі і прадметаў быту сфарміраваны ў асноўным Альбрэхтам V і Людвігам I. Экспанаты калекцыі адлюстроўваюць усе эпохі старажытнаегіпецкай гісторыі.

У 1848 г. Г. Ф. Цыбландам быў завершаны комплекс будынкаў Дзяржаўнага антычнага збору, які захоўвае адну са значных калекцый антычнага мастацтва малых форм. Фонды ўключаюць вялікую калекцыю ваз, работы ў бронзе, кераміку, тэракоту і скульптуры малых форм. На галоўным паверсе знаходзіцца знакаміты гелікон-лекіфос, блюда Эксекезіаса і Дзіаніса (каля 530 г. да н. э.). На ніжнім паверсе экспануецца па-майстэрску выкананы залаты пахавальны вянок Арменто.

Калекцыя "Скарбніцы Рэзідэнцыі", заснаваная пры Альбрэхце V, складаецца з залатых упрыгожанняў, работ па эмалі, крышталю і слановай косці ад эпохі сярэдневякоўя да ракако, у т. л. крыж каралевы Гізелы (каля 1006 г.), статуэтка рыцара Св. Георгія (1599 г.) і баварская каралеўская карона (1806 г.).

Мюнхенскі гарадскі музей знаходзіцца на плошчы Санкт Якаб. Музей займае некалькі будынкаў: былога арсенала XV ст., кавалерыйскай школы XV ст. і флігель XX ст. Музей экспануе шматлікія калекцыі: зброі, скульптуры малых форм, мастацкага рамяства, манет XV–XX ст., цацак, графікі, музычных інструментаў і асабліва прыгожую калекцыю мюнхенскай культуры быту з акцэнтам на стылі бідэрмеер і мадэрн.

У гатычнай зале выстаўлены дзесяць механічных лялек у выглядзе маўрытанскіх маскарадных танцораў, зробленых славутым майстрам Э. Грасерам для Старой Ратушы. Датуюцца лялькі 1480 г. і з'яўляюцца выдатным прыкладам еўрапейскага мастацтва эпохі готыкі. Як вядома, тэма маскарадных танцаў у мастацтве паходзіць з маўрытанскай Іспаніі і ўяўляе сабой спаборніцтва спевакоў за права дабіцца прыхільнасці дамы сэрца.

У гарадскім музеі знаходзіцца таксама фота- і кінааддзел з рознымі праграмамі.

Гарадская галерэя спецыялізуецца на дакументацыі мюнхенскага жывапісу ад познагатычнага перыяду да нашых дзён. На першым паверсе прадстаўлены жывапіс готыкі і барока, на другім – мастакі мюнхенскага рамантызму і пейзажысты першай паловы XX ст.; творы Корынта, Шпіцвега, Ленбаха; калекцыя В. Кандзінскага; група мастакоў "Блакітны вершнік". У экспазіцыі сучасных авангардыстаў прадстаўлены творы Бойса, Ніча, Райнера.

Музей палявання і рыбалоўства з 1966 г. знаходзіцца ў былой царкве Аўгусцінскага ордэна. У музеі размешчаны 500 прэпарыраваных дзікіх жывёл у вялікіх дыярамах, паляўнічая зброя і рыштунак, паляўнічыя карціны, вялікі аддзел рыбалоўства і калекцыя анекдотаў і паданняў аб міфічных істотах.

Музей Сіменса распавядае пра болын за 140-гадовую гісторыю прадпрыемства, якое ператварылася ў сусветна вядомы канцэрн. Тут адлюстраваны шлях развіцця галіны ад электратэхнікі да мікраэлектронікі. Амаль усе экспанаты дэманструюць магчымасці іх прымянення ў розных сферах жыцця. Прадстаўленыя мадэлі, стэнды, фотаздымкі і відэафільмы паглыбляюць набытыя веды з улікам іх практычнага выкарыстання. Экспазіцыя знаёміць з рознымі напрамкамі работы канцэрна, з яго інавацыямі і ролі на сусветным рынку.

У старой Ратушнай вежы Мюнхена знаходзіцца Музей цацак, у паўднёвай вежы гарадской брамы XIV ст. – Музей Валянціна, прысвечаны вядомаму мюнхенскаму народнаму артысту і гумарысту К. Валянціну. Тут выстаўлены карціны, розныя кур'ёзы і гумарыстычныя аб'екты артыста.

У Франкфурце-на-Майне налічваецца каля 40 музеяў. Уздоўж паўднёвага берага Майна раскінулася набярэжная "Шаўмайнкай", якую яшчэ называюць "Набярэжнай музеяў". Восем музеяў адзін за адным размясціліся тут ў былых вілах XIX ст. Зараз яны знаходзяцца ў падпарадкаванні гарадской улады.

Калекцыя Музея прыкладнога мастацтва адлюстроўвае шэсць тысячагоддзяў развіцця розных культур. У музеі маюцца аддзелы: еўрапейскага мастацтва (XII–XXI ст.) і сучаснага дызайну; усходнеазіяцкага і ісламскага мастацтва; мастацкіх промыслаў. Значная калекцыя ўзораў кніжнага мастацтва і графікі ўключае прадметы, пачынаючы з XIV ст.

Экспазіцыя Музея этнаграфіі распавядае пра народы Афрыкі, Акіяніі, Інданезіі, карэнных жыхароў Амерыкі. У галерэі музея выстаўлены работы мясцовых мастакоў, якія яшчэ невядомы ў Еўропе.

Цобач з Музеем этнаграфіі – Музей кіно, адкрыты ў 1984 г. Сталая экспазіцыя, якая размясцілася на двух паверхах музейнага будынка, распавядае аб гісторыі кінематографа. Тут прадстаўлены кінадакументы, плакаты, фотаздымкі, апаратура, ноты, музычныя творы і кнігі. Музей мае свон кінатэатр, багаты кіна- і фотаархіў, архіў музычных носьбітаў, плакат- і тэкстарархіў.

Акрамя вышэйназваных, на набярэжнай знаходзяцца Нямецкі музей архітэктуры (дэманструе калекцыю з 20 макетаў пад назвай "Ад хаціны да небачоса"), Нямецкі музей пошты, Музей рэгіянальнага мастацтва, Музей абразоў, Мастацкі музей на віле "Лібенхаўз".

Інстытут мастацтваў "Штэдзель" быў заснаваны на грошы банкіра Ё. Ф. Штэдзеля, які збіраў творы сярэдневяковага мастацтва і ахвяраваў сваю калекцыю гораду. У 1817 г. яна была адкрыта для публікі, з 1878 г. размешчана ў новым будынку. Сёння калекцыя музея налічвае 3,3 тыс. карцін буйнейшых еўрапейскіх школ ад сярэдневякоўя да нашых дзён і калекцыю скульптур. Тут экспануецца выдатны італьянскі і галандскі жывапіс XIV–XVII ст., галандскі XV–XVII ст., раннія нямецкія школы. Зараз фарміруецца аддзел сучаснага нямецкага жывапісу.

У гістарычным цэнтры Франкфурта знаходзіцца яшчэ некалькі важных музеяў. У новым будынку сучаснай архітэктуры знаходзіцца Гістарычны музей, заснаваны ў 1878 г. У музеі сабраны матэрыялы, якія асвятляюць гісторыю горада з часоў першых пасяленняў па сённяшні дзень. У прыватнасці, дэманструюцца макеты цэнтра горада да разбурэння ў 1944 г. і пасля яго ўзнаўлення. Музей Кайзераўскага сабора распавядае пра яго гісторыю – з 1152 г. сабор быў месцам абрання германскіх манархаў, а з 1562 г. – іх каранацыі. Яўрэйскі музей адлюстроўвае жыццё яўрэйскага насельніцтва ў Франкфурце з XII ст. па сённяшні дзень. Музей сучаснага мастацтва быў адкрыты ў 1991 г. Яго калекцыя ўключае творы амерыканскага і еўрапейскага мастацтва другой паловы XX ст. Музей "Сцёпкі-Растропкі", гэта адзін з самых незвычайных музеяў Франкфурта. Ка-лекцыя музея складаецца з карцін, эскізаў, лістоў, рукапісаў і першых выданняў кніг сусветнавядомага дзіцячага пісьменніка Г. Гофмана.

Па-за межамі старога горада знаходзяцца Музей прыродазнаўства Зенкенберга, Музей грошай Нямецкага федэральнага банка, Археалагічны музей і Франкфурцкі музей Гётэ. Апошні размясціўся ў доме, дзе ў 1749 г. нарадзіўся вялікі паэт і жыў да ад'езду ў Веймар ў 1775 г. У 1944 г. будынак музея быў разбураны, аднак пасля вайны гарадскія ўлады ўзнавілі яго ў першапачатковым выглядзе.

Да найбольш значных мастацкіх музеяў Германіі варта аднесці таксама наступныя.

Нацыянальвая галерэя ў Ціргартэне была адкрыта ў 1968 г. Яна мае багатую калекцыю нямецкіх мастакоў XIX–XX ст. і вялікую бібліятэку. Работа галерэі асвятляецца ў двух яе перыядычных выданнях.

Брэменская мастацкая галерэя заснавана ў 1823 г., але адкрыта для наведвання толькі ў 1849 г. 3 1902 г. размяшчаецца ў новым неакласічным будынку, які адрэстаўрыраваны пасля разбурэнняў апошняй вайны. Галерэя зноў была адкрыта ў 1952 г. Калекцыя змяшчае жывапіс, скульптуру, малюнак XV-XX ст. (з ухілам на нямецкі і французскі жывапіс XIX ст.). Сфарміравалася ў асноўным за кошт ахвяраванняў.

Музей герцага Антона Ульрыха ў Брунсвіку заснаваны ў 1754 г. Карлам I, герцагам Брунсвікскім. 3 1886 г. знаходзілася ў спецыяльна пабудаваным неакласічным будынку. Калі ў XVIII ст. гэта была тыповая кунсткамера, то дзякуючы ахвяраванню уласнай калекцыі заходнееўрапейскага жывапісу XV – ХVIII ст. Антонам Ульрыхам, яна ператварылася ў мастацкі музей. Калекцыя ўключае сапраўдныя шэдэўры: імператарскую манцію Атона IV, рэлікварый святога Блазіўса, Мантуанскую вазу, палотны Кранаха, Дзюрэра, Гальбейна, Рэмбранта, Рубенса, Рэйсдаля, Цінтарэта, Вермеера, Веранезе, французскую эмаль XVI ст., нямецкую сярэдневяковую разьбу.

Касельская дзяржаўная мастацкая галерэя сфарміравалася на аснове калекцыі ландграфаў Касельскіх. Фрыдрых II у 1779 г. на яе аснове стварыў "Фрыдэрыцыянум" – адзін з першых публічных музеяў Еўропы. Пасля рэстаўрацыйных работ была зноў адкрыта для публікі. Тут прадстаўлена антычнае мастацтва, заходнееўрапейскі жывапіс XV-XVIII ст. з ухілам на галандскіх і фламандскіх майстроў, калекцыя графікі XV-XVIII ст.

У Кёльне знаходзяцца Музей Людвіга, які валодае значным зборам мастацтва XX ст. са знакамітымі работамі экспрэсіяністаў і Музей ВальфараРыхарца. Апошні музей так названы ў гонар двух грамадзян горада, якія сваімі ахвяраваннямі заклалі яго аснову. У 1824 г. Ф. Вальфар падараваў гораду калекцыю прымітыўнага сярэдневяковага царкоўнага жывапісу, які ён збіраў ячас секулярызацыі царкоўнай маёмасці. Праз 30 гадоў Ё. Рыхарц па тэстаменту перадаў частку сваёй маёмасці на развіцце музея. 1912 г. музей пачаў спецыялізавацца на зборы сучаснага нямецкага жывапісу, частка якога была канфіскавана нацыстамі. 3 2001 г. музей знаходзіцца ў новым будынку архітэктара-пурыста О. М. Унгера і сёння валодае лепшай калекцыяй жывапісу ХІІІ – ХІХ ст., а таксама сучаснага нямецкага мастацтва.

Гамбургская мастацкая галерэя заснавана ў 1850 г. у будынку, спланаваным у стылі неарэнесансу. Тут захоўваюцца зборы жывапісу ад эпохі готыкі да сённяшняга дня, скульптуры XIX-XX ст., нумізматыкі, фалерыстыкі, графікі XV-XX ст.

Цікавыя калекцыі сучаснага нямецкага мастацтва (XIX-XX ст.) знаходзяцца ў мастацкіх музеях Эсена, Дуйсбурга, Дзюсельдорфа.

Нельга не сказаць пра некаторыя навукова-тэхнічныя музеі Германіі. Тэхнічны прагрэс адыграў вялікую ролю ў нямецкай гісторыі і добра адлюстраваны ў экспазіцыях шматлікіх музеяў. Тэхнічныя калекцыі збіраліся ў музеях Германіі яшчэ да аб'яднання краіны ў 1871 г. – у Германскім нацыянальным музеі ў Нюрнбергу (з 1853 г.), у Зямельным прамысловым музеі ў Штутгарце (з 1852 г.), у Прамыслова-мастацкім музеі ў Берліне (з 1852 г.). У 1872 г. адкрыўся Імперскі музей пошты. Гісторыі развіцця чыгункі прысвечаны Музей транспарту, адкрыты на Нюрнбергскім вакзале ў Берліне ў 1905 г.

Але першымі сапраўднымі музеямі навукі і тэхнікі ў Германіі лічацца: выстаўка па тэхніцы бяспекі ў Берліне (1899 г.), пераўтвораная ў 1927 г. у музей; Нямецкі музей у Мюнхене (1903 г.) і Акеанаграфічны музей у Берліне (1905 г.). Першы музей трэба разглядаць у кантэксце ліберальнай палітыкі Бісмарка, накіраванай на стварэнне дзяржаўнага сацыялізму. Другі – у кантэксце ініцыятывы вядомага нямецкага інжынера О. фон Мілера стварыць музей, дзе б насельніцтва магло пазнаёміцца з інжынернай і тэхнічнай думкай чалавецтва. Трэці – у кантэксце імперскіх імкненняў Германіі ў пачатку XX ст., якія звязваліся з экспансіяй у сусветным акіяне.

У міжваенны перыяд адкрыліся яшчэ два тэхнічныя музеі: Музей вугледабываючай прамысловасці ў Бохуме (1930 г.), дзе зроблены асаблівы ўпор на сацыяльны аспект жыцця шахцёраў; Музей паветраплавання ў Берліне (1936 г.), дзе значная ўвага надаецца аднаўленню ваенна-паветраных сіл Германіі.

Пасляваеннае дзесяцігодзе не дае нам прыкладаў новых навукова-тэхнічных музеяў, але, пачынаючы з 1960-х гг. у Германіі назіраўся сапраўдны навукова-тэхнічны музейны бум. Сярод іншых адкрываецца Музей помнікаў навукі і тэхнікі зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. У 1967 г. быў адноўлены даваенны музей на Нюрнбергскім вакзале. У 1970 г. урад зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія прымае праграму, падчас рэалізацыі якой узніклі два рэгіянальныя музеі – у Дортмундзе і Оберхаўзене. у 1990 г. урад зямлі Бадэн-Вюртэнберг прафінансаваў стварэнне ў Штутгарце Музея тэхнікі і працы. Асаблівасцю Франкфурцкага музея сталі эксперыментальныя экспазіцыі па экалогіі. Вельмі цікава паказана культура індустрыяльных рабочых у Цэнтры індустрыяльнай культуры ў Нюрнбергу.

Да цікавейшых музеяў Германіі адносяцца таксама музей І. С. Баха ў горадзе Эйзенах, Дом-музей Ф. Шылера ў Веймары, Грасі-музей ў Лейпцыгу, Палац Фазанеры ў Гесене, Музей дыацэзы ў Хільдэсхайме (рыцарская зала, скарбніца, зала для сходаў і капэла св. Варфаламея, дзе захоўваюцца творы прыкладнога мастацтва часоў епіскапа Бернварда (X ст.), а таксама рэліквіі Святой Дзевы, створаныя пры Людвіку Набожным (IX ст.), Музей Фауста ў Кнітлінгені. У Патсдаме знаходзяцца знакаміты палацава-паркавы ансамбль Сан-Сусі, карцінная галерэя, кітайскі домік чаю з калекцыяй кітайскай парцэляны, Новы палац з Ракушачнай залай.

У Маркнейкірхене і Клігенталі (вобласць Фогтланд) ужо трыста гадоў мясцовыя майстры ствараюць чароўныя флейты, габоі, валторны, скрыпкі, гармонікі, клавесіны. Гільдыі рамеснікаў захоўвалі лепшыя работы як навучальны матэрыял. У часы Моцарта ў гэтых гарадах можна было заказаць інструменты для цэлага аркестра. Зараз у горадзе Маркнейкірхене дзейнічае музей музычных інструментаў, які размясціўся ў тыповым бюргерскім двухпавярховым будынку з мансардай. Каля ўваходу ў музей стаіць помнік майстру – стваральніку інструментаў, на пліце надпіс: “1677 год. У Фогтландзе пачалася прамысловая вытворчасць музычных інструментаў". На стэндах знаходзіцца каля сотні скрыпак, вырабленых у розныя часы, кантрабас XVIII ст., акардэоны, навейшы электронны арган. Жамчужына калекцыі – труба, зробленая па заказу Дж. Вердзі для выканання трыумфальнага марша ў “Аідзе”. Інструмент вярнуўся сюды ў XX ст. У музеі прадстаўлена шмат незвычайных рэчаў, як, напрыклад, палка-флейта.