Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

belorusy

.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
537.6 Кб
Скачать

Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі /В.Ф. Бацяеў, В.М. Бялявіна, А.У. Гурко і інш.; Рэдкал.: В.М. Бялявіна і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. – Мінск: Бел. Навука, 2002. – 606 с.: іл.

Развіццё і функцыянаванне культуры, задавальненне духоўных патрэб грамадства напрамую звязаны з велічынёй, размеркаваннем і формамі выкарыстання вольнага часу. Кожнай стадыяльнай форме культуры адпавядаюць пэўныя структуры вольнага часу, якія можна тыпалагізаваць як па этнічнай спецыфіцы, так і ў адпаведнасці з пануючымі ў грамадстве сацыяльна-эканамічнымі адносінамі. Усе сацыяльныя групы, у тым ліку сяляне і розныя слаі гарадскіх жыхароў, маюць сваю субментальнасць, свае сацыяльныя і культурныя адметнасці, свае традыцыі выкарыстання вольнага часу. У сілу культурна-бытавой традыцыі, што звязвае ў адзіны вузел мінулае, сучаснае і будучае, у вольным часе зберагаецца шмат форм, структур і элементаў, якія сваімі каранямі ідуць у глыбіню папярэдніх гістарычных эпох.

Гісторыка-этналагічная рэканструкцыя і вывучэнне ў дынаміцы традыцыйных відаў вольнага часу, якія складваліся і існавалі на працягу стагоддзяў, абумоўленыя сацыяльнымі, матэрыяльнымі і ідэалагічнымі фактарамі, даюць магчымасць прасачыць, як у канкрэтных умовах горада і вёскі фарміравалася і развівалася пабытовая сфера ладу жыцця беларускага народа, глыбей і паўней ахарактарызаваць культуру сацыяльных груп, свет чалавечых пачуццяў, уваходзячых у гэтыя групы людзей, умовы і абставіны іх штодзённага і святочнага жыцця.

3 часоў ранняга феадалізму розныя сацыяльныя групы насельніцтва моцна адрозніваліся велічынёй, формамі і ўзроўнем выкарыстання вольнага часу. У ім як у люстэрку адбіваліся іх матэрыяльны стан, адукаванасць, культурныя традыцыі акаляючага асяроддзя, этнакультурныя і полаўзроставыя асаблівасці, карпаратыўная замкнёнасць.

Пад вольным часам мы разумеем свабодны ад працы час, «прызначаны для фізічнага, інтэлектуальнага развіцця і адпачынку»1. Прыняцце хрысціянства і пашырэнне царкоўных форм святочна-абрадавага жыцця ў Кіеўскай Русі ішло ў няспыннай барацьбе са звычаямі і абрадамі язычніцкага паходжання. У летапісным тэксце пад 1068 г. палавецкае нашэсце тлумачыцца як пакаранне боскас за грахі, якімі «дьявол льстит», «всякыми лестьми превабляя (гэта значыць адварочваючы) ны от бога». Паўсюдна кідаюцца ў вочы «игрища утолочена и людии множество на них, яко упихати начнут друг друга, позоры деюще от беса замысленного дела», таму мала людзей звяр-таецца да царквы2. У «Правіле» мітрапаліта Кірыла (1274 г.) таксама гаворыцца, што ў месцах, якія знаходзяцца па-за кантролем царквы, у боскія святы пануе «бесовская обычая треклятых еллин (гэта значыць язычнікаў)», наладжваюцца «позоры (гэта значыць відовішчы) некакы бесовская» са «свистанием и с кличем и с воплем», з удзелам п'яніц, дзе «бьются дрекльем до самыя смерти»3. Яшчэ ў XII ст. епіскап Ілля ў сваім «Павучэнні» настаўляў святароў «уймать детей своих (гэта значыць прыхаджан)» ад гэтых боек, а калі каго-небудзь з удзельнікаў бойкі заб'юць, то «в ризах не петь (гэта значыць не адпяваць)» і не памінаць4.

Старажытнарускія царкоўныя помнікі сведчаць, што князі, прыняўшы хрысціянства, з вялікімі ўрачыстасцямі адзначалі царкоўныя святы, зазываючы на іх значную колькасць жыхароў гарадоў і навакольных вёсак, наладжвалі для іх пасля набажэнстваў багатыя калектыўныя трапезы, раздавалі бедным міласціну5.

Прадстаўнікі духавенства, у сваю чаргу, часта прысутнічалі на пірах і сямейных урачыстасцях феадалаў. Царква дазваляла ім гэта пры ўмове не прымаць удзелу ў п'янстве, а таксама пазбягаць «игранья и бесовского пенья и блуднаго глумленья», «плясанья и гуденья»6.

У вольным часе жыхароў Полацкай і Турава-Пінскай зямель, якія пазбеглі мангола-татарскага нашэсця, значнае месца працягваў займаць удзел у дзейнасці веча. Разам з асноўнай функцыяй – выбіраць і кантраляваць князя, веча вырашала шматлікія пытанні грамадскага жыцця, разглядала судовыя справы. Таму на веча збіралася ўсё дарослае мужчынскае насельніцтва, а вечавыя пастановы доўга абмяркоўваліся сярод гараджан і ў акаляючай горад воласці.

Пасля ўваходу беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага веча страціла сваё палітычнае значэнне, але некаторы час яшчэ існавала як адзінка мясцовага самакіравання. 3 пачатку XV ст. і гэта форма веча пад уплывам дзяржаўнага і грамадскага ладу Вялікага княства Літоўскага, у якім сталі развівацца саслоўі, паступова была заменена новым саслоўным палітычным органам – сеймам7.

Вытокі народнай святочна-гульневай культуры беларусаў цесна звязаны з мастацтвам скамарохаў – народных акцёраў, творчасць якіх была генетычна звязана з язычніцтвам. У сярэднія вякі скамароства – з'ява агульная для ўсіх еўрапейскіх народаў. У Старажытнарускай дзяржаве самыя раннія сведчанні аб скамарохах змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1068 г., аднак вядомы даследчык скамароства А. Фаміцын лічыў, што ў XI ст. яно ўжо трывала ўвайшло ў народнае жыццё, атрымаўшы на Русі самастойнае развіцце, адпаведнае мясцовым умовам і характару народа8.

На Беларусі тэрмін «скамарохі» ўпершыню сустракаецца ў XII ст. у пропаведзях епіскапа Кірылы Тураўскага, які асуджаў «плясание еже на пиру, на свадьбах и в повечерницах», а таксама тых, хто «иже басни бают и в гусли гудут»4, адлучаючы паству ад набажэнстваў і царкоўных свят.

Скамарохі былі аселыя і вандроўныя. Аселыя стала жылі ў гарадах і мястэчках. Яны мелі зямельны надзел і звычайна займаліся земляробствам або рамёствамі, толькі ў святы цешылі народ сваімі паказамі і спевамі, гралі на музычных інструментах на вяселлях. Другія служылі прафесійнымі музыкантамі або выконвалі ролю прыдворных блазнаў у князёў, ваявод, багатых паноў.

Вандроўныя скамарохі зараблялі на жыццё хаджэннем групамі, а часам і вялікімі гуртамі, паказваючы спектаклі па гарадах, мястэчках і вёсках, Вандруючы, яны часта пераходзілі з адной краіны ў другую. Так, у сярэднія вякі на Беларусі сустракаліся вандроўныя акцёры з Польшчы, Венгрыі, Прусіі і іншых дзяржаў (10), а ў паказах беларускіх скамарохаў часам прасочваўся пэўны візантыйскі або заходнееўрапейскі ўплыў (11).

Невычарпальнай крыніцай мастацтва скамарохаў з'яўляліся вуснапаэтычная, музычная, харэаграфічная народная творчасць і абраднасць. Яшчэ ў часы Старажытнарускай дзяржавы сярод скамарохаў існавала спецыялізацыя. На Беларусі ў сярэднія вякі гэта былі скамарохі-дудары, скрыпачы, цымбалісты, гусляры, лялечнікі, павадыры мядзведзяў, бахары (апавядальнікі казак і баек), штукары (гімнасты, жанглёры, ілюзіяністы) і інш.12 Скамарошыя паказы звычайна суправаджапіся музыкай і мелі сінтэтычны характар: мастацкі вобраз ствараўся сродкамі акцёрскай ігры, танца з элементамі пантамімы, пашыраны былі дасціпныя дыялогі, песні-маналогі і г. д.13

Скамарохі карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў асяроддзі ўсіх сацыяльных груп тагачаснага грамадства. Без іх не абыходзілася ні адно вяселле, іх запрашалі на піры і сямейныя ўрачыстасці паны і магнаты14, яны былі абавязковымі ўдзельнікамі ігрышч, кірмашоў, каляндарна-земляробчых свят і абрадаў. У XVІ ст. скамарохі складалі настолькі значную праслойку насельніцтва Беларусі, што па пастанове Віленскага сейма 1565 – 1566 гг. былі прыраўнены да рамеснікаў і абкладзены падаткам (15).

Скамароства было вельмі пашырана і ў Маскоўскай дзяржаве. Вялікі князь і іншыя знатныя паны, пісаў шведскі пасланнік Пятрэй, які наведаў Маскоўскую дзяржаву ў 1615 г., «калі іграюць вяселле, то цкуюць сабакамі мядзведзяў, з імі бывае шмат музыкаў, якія пяюць бессаромныя песні, пры гэтым іграюць на трубах, трамбонах, дудках і сапелках, а часам б'юць у барабаны. Гэтыя музыкі вандруюць з месца на месца з вялікімі мядзведзямі і інструментальнай музыкай, падарожнічаюць з горада ў горад і нажываюць шмат грошай мядзведжай пляскай, спевамі, завываннем і ігрою»16.

Разам з царкоўнымі і святочна-абрадавымі формамі баўлення вольнага часу сярод жыхароў беларускіх гарадоў у сярэдневякоўі шырока бытавалі хаджэнні ў госці да суседзяў, сяброў і радні, запрашэнні на каляцыю (абед, пачастунак), гульні ў косці17 і карты, усталяванне рамесніцкіх агульнашхавых трапез – складак.

Трэба сказаць, што азартныя картачныя гульні былі вядомы з глыбокай старажытнасці. Герадот паведамляў, што яны існавалі ў Мідзіі яшчэ ў VIII-VII стст. да нашай эры. Лічыцца, што ў Заходнюю Еўропу іх завезлі ўдзельнікі крыжацкіх паходаў, адкуль яны праніклі на тэрыторыю Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

Часам на каляцыях, якія суііраваджаліся распіццём алкагольных напояў, адбываліся звады і бойкі паміж гаспадарамі і гасцямі. Так, у 1533 г. Полацкі гродскі суд разглядаў справу паміж мешчанінам Амяльянам Старковым і Сенькам Праселкам. Амяльян запрасіў Сеньку да сябе ў дом на каляцыю, але той, будучы ўжо на падпіцці, спачатку не хацеў ісці. Амяльян жа настойліва «колькасць крот» прысылаў за ім, а калі той прышоў, то паміж імі ўзніклі звада і бойка18.

У тым жа 1533 г. полацкі мешчанін Васька Мітковіч, будучы запрошаным у дом Максіма Радковіча на каляцыю і добра там падпіўшы, за ноч прайграўся да кашулі, а «на завтрея, в овторок, тот день был есъми в него и пил з ним» і не толькі адыграўся, але і «над то еще его платья и ковшов серебных вьиграл». Але потым паміж гульцамі пачалася бойка, і Васька ледзьве выскачыў праз акно, праз якое паспеў, аднак, выкінуць аднарадку (верхняе адзенне) і срэбраны коўш Максіма Радковіча, а жупіцу (куртачку) вынес на сабе (19).

Часам непрыстойна паводзілі сябе не толькі мяшчане, але і святарства. У 1576 г. князь Канстанцін Астрожскі звярнуўся з гнеўным пісьмом да кліра г. Турава. «Доходити до нас ведомость неоднократно, – пісаў князь, – аб справах вашых, же вы не заховываючисе водлуг пристойности стану своего священнического у великих нерадностях мешкаете, то ест, ходечи по корчмах, питя збытечного уживаети, а к тому бою, шарпаня и иного вшетеченства чинити допущаете. А над то не только на розных беседах, але и в церкви в дому божим один на другого словами неучтнвымн и руками некоторые з вас смеют торгатися»20. Так жа непрывадна выглядалі паводзіны святарства г. Магілёва. Як і ў Тураве, тут назіраліся п'янства ў карчмах, гульня ў косці, суцяжніцтва і невуцтва ў адпраўленні набажэнстваў (21). Прайшло амаль 50 гадоў, і тураўскі епіскап у 1625г. у скарзе на мяшчан пісаў, што тураўцы «повинности своей христианской досыць не чинят, в неделю до молитвы и до службы божьей и на казане в дни велькосветне не ходят. И старшие мещане прикладом того есть» (22).

Панаванне царкоўнай ідэалогіі ў феадальным грамадстве абумоўлівала пераважанне царкоўных форм баўлення часу ў жыцці ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі да канца XVIII ст. У гарадах, дзе ў гэты перыяд большасць насельніцтва складалі беларусы, каляндарныя святы поўнасцю паўтаралі вясковую традыцыю: праходзілі ў адзін і той жа час і ў тых жа формах: хаджэнне з зоркай на Ражаство, калядаванне, ваджэнне карагодаў, завіванне вянкоў на Духа (Сёмуху) і г. д.

Сацыяльна-маёмасная неаднароднасць шляхецкага саслоўя абумоўлівала асаблівасці выкарыстання вольнага часу рознымі яго слаямі.

Магнаты мелі на ўтрыманні шматлікія двары, якія ўкамплектоўваліся па строга вызначанаму штату. Яны складаліся са шляхты, прыдворных дваран, пакаёвых дваран, збраяносцаў і пажаў. Загадваў дваром маршал двара, ён з'яўляўся буйным землеўладальнікам і яшчэ займаў пасаду ў павеце ці ваяводстве. Ен загадваў усёй прыдворнай гаспадаркай, пры адсугнасці магната кіраваў прыёмам гасцей і г. д. Яму падначальваліся ўсе прыдворныя чыны, пакаёвыя і прыдворныя дваране, пажы, лакеі, кухары і г. д, Асобнымі галінамі прыдворнай гаспадаркі кіравалі краўчы, канюшы і шатны. Краўчы назіраў за каштоўнымі сервізамі, залатым, сярэбраным посудам і крышталём, адказваў за сервіроўку і абслугоўванне стала на ўрачыстых абедах. Пад яго наглядам былі кухні, сталовыя прыслужнікі, нарыхтоўка правізіі.

Шатны загадваў гардэробам магната. Ён адказваў за захаванне жупанаў з залатой і сярэбранай парчы, кунтушаў, упрыгожаных шлымі шнуркамі жэмчугу, брыльянтавымі ніткамі, гузікамі і запінкамі з каштоўных камянёў, залататканых і срэбратканых паясоў, паясоў з персідскіх шалей і ўсходніх тканін і г. д. Канюшы загадваў магнацкімі канюшнямі і адказваў за парадныя выезды і ўтрыманне коней.

Прыдворныя дваране былі абавязаны трымаць добрых коней з багатаю збруяй і суправаджаць карэту магната або яго жонкі пры выездах.

Пакаёвыя дваране, апранутыя ў прыдворную форму магната, заўжды пры шаблях, прымалі і бавілі гаспадарскіх гасцей; прыслужвалі за сталом, стоячы падчас абеду з талеркамі за крэсламі магната і членаў яго сям’і; вучыліся прыдворнаму этыкету і свецкім манерам. За правіннасці іх часта расцягвалі на дыване і секлі.

Пажы выбіраліся з самых прыгожых дваранскіх хлопчыкаў, іх апраналі ў багаты іспанскі касцюм, вучылі розным навукам і свецкім паводзінам. 3 гадамі пажы паступалі ў лік прыдворных дваран. Быўшых пажаў, якія шмат гадоў жылі пры двары, магнаты стараліся выгадна ажаніць, куплялі ім чыны ў войску, пасады ў павятовых і ваяводскіх праўленнях23.

Жонкі магнатаў таксама мелі пры сабе світу са штата маладых шляхетных дзяўчат (filles d’honner), суправаджаўшых іх на прыёмах і ў гасцях. Выхаваннем дзяўчат займаліся гувернёры і дырэктрысы, вучылі іх навукам, музыцы і ўсяму таму, што па тым часам неабходна было ведаць дзяўчатам дваранскага паходжання. Прынятую да свайго двара дзяўчыну жонка магната павінна была выдаць замуж і даць ёй добры пасаг24.

Лад жыцця немаёмнай шляхты мала чым адрозніваўся ад сялянскага, і іх вольны час рэалізаваўся, як і ў сялян, у рамках святочна-абрадавага жыцця. Галоўнай адметнасцю вольнага часу шляхты-галоты ад сялян быў яе ўдзел у сейміках – з'ездах усіх мужчын шляхецкага паходжання, якія пражывалі на тэрыторыі дадзенай зямлі, павета ці ваяводства. У 1468 г. каралеўскай граматай было загадана ўсім ваяводствам і паветам накіроўваць на агульныя сеймы двух дэпутатаў, якія (кіруючыся атрыманымі на сейміках інструкцыямі) выступалі перад каралём і каралеўскім саветам як прадстаўнікі сваёй тэрыторыі і яе насельніцтва. Так сфарміравалася сістэма шляхецкага прадстаўніцтва ў Рэчы Паспалітай.

Удзел у сейміках і сеймах лічыўся пачэснай і найбольш ганаровай прывілегіяй усёй аселай шляхты. Каб мець уяўленне аб тым, што адбывалася на гэтых сейміках, звернемся зноў да запісак Я. Д. Ахоцкага. Напярэдадні адкрыцця сейміка ў горад, дзе ён павінен быў адбыцца, з усіх куткоў павета ці ваяводства з'язджаліся карэты, каляскі, брычкі і вазы, сцякаліся натоўпы конных і пешых выбаршчыкаў. Напрыклад, на ваяводскі сеймік у Жытомір у 1791 г. сабралася больш за тры тысячы шляхціцаў з трох паветаў. Яны былі апрануты ў пераважнай большасці «ў капоты, кажухі, сярмягі, змазаныя боты і нават у лапці, апе кожны абавязкова з шабляй»25.

Пасялжэнне сейміка праходзіла ў касцёле, але 3/4 яго ўдзельнікаў не змаглі туды прабіцца і стаялі на касцёльнай пло-шчы. Сеймік працягваўся чатыры дні. У першы дзень былі аднагалосна выбраны мяжовыя суддзі і камісары, а таксама маршал сейма і асэсары (гэта значыць засядацелі); у другі – земскія суддзі; трэці – члены грамадзянска-ваеннай камісіі; у чацверты –дэпутаты ў трыбунал. Усе кандыдатуры на выбарныя пасады загадзя падбіраліся буйной шляхтай, і толькі потым большасць выбаршчыкаў проста пацвярджала іх. Кожны дзень у мясцовым кляштары багатая шляхта, у лік якой уваходзіў і аўтар мемуараў, карміла «галодную дваранскую чэрнь»26. Для гэтага ва ўсю даўжыню калідораў ніжняга паверху кляштара былі пакладзены дошкі і на іх навалены вараная і смажаная ялавічына, свініна, вэнджаная рыба, простыя селядцы і г. д. Усё гэта знікала, узнаўлялася і зноў знікала. Да прыпасаў было куплена чатыры бочкі французскага віна і дванаццаць бочак венгерскага, пяцьсот бутэлек англійскага піва. 3 маёнткаў буйная шляхта прывезла дзевяць бочак простага віна ды прыкупіла яшчэ ў Жытоміры 50 вёдзер. Прывезлі таксама 50 бочак піва, не лічачы бочак мёду. У час сейміка такія ж піры для «братоў-шляхціцаў» на гэтым сейміку ўсталёўвалі яшчэ ваявода, кашталян і генерал-інспектар. Днём немаёмную дробную шляхту частавалі, паілі і кармілі, а па начах іх натоўпы запруджвалі кляштарныя калідоры, канюшні і ўсе амбары ксяндзоў-бернардзінаў27.

Павятовая шляхта, якая рэдка выязджала са сваіх маёнткаў і ваколіц, вяла актыўнае суседска-таварыскае жыццё, разам адзначала каляндарныя святы, напоўненыя мноствам элементаў старажытных звычаяў. У святочныя дні наладжваліся варажба і магічныя абрады, гатаваліся традыцыйныя стравы.

Згодна звычаю, у госці шляхціцы прыязджалі абавязкова з шабляй. Прыехаць без шаблі азначала пакрыўдзіць гаспадара, а гаспадар, згодна традыцыі, павінен быў прасіць госця зняць зброю.

Нашэнне шаблі разам з правам мець асабісты герб з'яўлялася выключнай прывілегіяй шляхты (хаця ў рэдкіх выпадках па спецыяльнаму каралеўскаму дазволу нашэнне шаблі дазвалялася яшчэ членам рамесных цэхаў некаторых гарадоў. Вялікае культурна-сімвалічнае значэнне шаблі ў асяроддзі шляхты звязана з тым, што яна ўвасабляла ваенную славу, свабоду і асабістую недатыкальнасці – асноўныя пастулаты шляхецкага менталітэту. Існавалі нават такія спецыфічна шляхецкія звычаі, як выманне шаблі да паловы з ножнаў перад Евангеллем у касцёле ў час набажэнства ці праслухоўванне імшы ў поўным узбраенні з узнятай шабляй28.

Шаблю з гонарам насілі ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя – ад вышэйшых асоб дзяржавы да самых збяднелых шляхціцаў. Разам з найбольш каштоўнымі фамільнымі рэліквіямі шаблі пераходзілі ў спадчыну па мужчынскай лініі. На іх выгравіроўваліся надпісы рэлігійнага зместу, імёны ўласнікаў, прыслоўі, расповеды, ад каго і якім шляхам шабля трапіла да гаспадара. У мірны час яна звычайна вісела над ложкам уладальніка. Але ўлічваючы неспакойны характар той эпохі і саслоўную задзірыстасць шляхты, шабля даволі часта вырашала шматлікія шляхецкія спрэчкі, бараніла гонар і пачуцці ўласнай годнасці шляхціца. Рубіліся шаблямі па любой зачэпцы. Праявай вытанчанага тэхнічнага майстэрства шабельнага бою было ўменне абсекчы праціўніку вуха ці нос – што служыла прадметам гонару, пахвальбы, аўтарытэту сярод знаёмых29. «Я бачыў на сейміках, – піша Ахоцкі, – як адначасова па дзвесце праціўнікаў з кожнага боку пачыналі рубіцца. П'яныя, яны рубілі адзін аднаму насы і вушы, рукі і ногі. Заўжды некалькі трупаў заставалася на месцы бойкі. Некалькі асоб славіліся як рубакі»30. Аднак па баявому маральнаму шляхецкаму кодэксу з'яўленне крыві ў аднаго з праціўнікаў астанаўлівала другога, і да смерці звычайна не даходзіла.

Сярод самых пашыраных забаў магнатэрыі і шляхты Вялікага княства Літоўскага было паляванне, якое ярка і вобразна апісана ў паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Аб палулярнасці гэтага занятку ў княстве красамоўна сведчыць тое, што дваром Жыгімонта Аўгуста ў 1546 г. на паляваннях было праведзена 223 дні (31).

Цікавае апісанне палявання пакінуў Генрых Вольф з Цюрыху, які быў хатнім настаўнікам у шляхціца Альбрэхта Савіцкага ў Літве (Вялікім княстве) на Падляшшы. У 1572 г. ён пісаў, што паляванні ладзяцца такім спосабам: «вечарам высылаюць выведнікаў, якія цікуюць, у якім гаі сабралася большая колькасць звяроў, ды якраз там з самага ранку робяць аблогу часткаю сеткамі, часткаю людзьмі з коллем і рагацінамі; паводле агульнага размеркавання пан з сям'ёю і слугамі пад'язджае да сетак, і там хаваюцца за дрэвамі, пільнуючы звера з каламі ў руках. Лоўчыя з сабакамі і стрэльбамі ходзяць насупраць сетак, высочваюць звера і скіроўваюць проста на іх; калі звяры раз-бягуцца ў бакі, абложаныя сялянамі, тыя ўсе калоцяць па дрэвах і робяць такі вэрхал, што перапуджаны звер вяртаецца назад. Калі ж трапляе ў сеткі, пан і слугі забіваюць яго коллем, патрапіўшы ж на лоўчых, звер гіне ад стрэльбаў. Паляванні ладзяць толькі ўзімку, бо летам лес недаступны з увагі на багну»32.

Магнаты і буйная шляхта наладжвалі паляванні ў сваіх «звярынцах» – агароджанных парканам частках лесу, дзе звяры ўтрымліваліся дзеля панскай забавы. Рускі стольнік П. А. Талстой так апісваў адзін са звярынцаў Радзівілаў у канцы XVII ст. «Ад таго ж гораду Міру з паўвярсты месца вялікае сасновага гаю агароджана – то ёсць таго ж памянёнага Радзівіла звярынец. У тым звярынцы шмат аленяў, ласёў, байгакаў, коз дзікіх і іншых таму падобных звяроў»(33).

У апісанні маёмасці Гераніма Фларыяна Радзівіла, роднага дзядзькі Пане Каханку, у сярэдзіне XVIII ст. названы тры звярынцы (мэнажэрыі): аленяў, данэляў і дзікіх свінней; чацвёрты (бажантарня) – звярынец для фазанаў. Усе звярынцы былі агароджаны рэгулярным парканам і добра ўтрыманыя34.

Звычайна перад паляваннем праводзілі паляўнічы агляд. У полі расстаўлялі ў парадку конных паляўнічых, узброеных французкімі або англійскімі ружжамі і корцікамі. Паглядзець на гэта відовішча прыязджала шмат гасцей, сярод якіх дамы і дзеці ў экіпажах (25).

Шмат гледачоў збіралася і на само паляванне. Для іх будаваліся ў звярынцах спецыяльныя збудаванні, адкуль «спэктатары» (гледачы) «розных рангаў і годнасці, месцы якім былі адпаведна падзеленыя», «з усялякаю бяспекаю» маглі назіраць за ходам палявання. Для дам жа будавалі прыгожыя альтанкі, з якіх было бачна, як конна з ганчакамі гналі звера (36).

Тэатралізаваныя звярыныя ловы, якія наладжваў па першаму снегу сын Міхала Казіміра Караль Радзівіл (Пане Каханку) у слуцкай пушчы, доўжыліся па тыдню. На іх з'язджалася, разам з Сапегамі, Агінскімі, Пацамі, Ржавускімі, Чапскімі і іншымі магнатамі, шматлікая шляхта Віленскага, Трокскага, Навагрудскага, Мінскага ваяводстваў і больш аддаленых мясцін. Нават велізарны радзівілаўскі замак не мог змясіііць усіх запрошаных гасцей. Многія спыняліся на кватэрах у горадзе. А за горадам, як вайсковы абоз, размяшчалася пад шалашамі грамада стральцоў, даездчыкаў, ашчэпнікаў І некалькі тысяч чалавек, сагнаных на аблаву з навакольных вёсак.

На світанку князь Радзівіл, акружаны сваімі гасцямі, конна выязджаў з Нясвіжа. Ззаду экіпажамі і нават брычкамі ехала менш знакамітая шляхта. Было нямала і так званых «партызанаў» – ярых аматараў палявання, якія пешшу са стрэльбамі ў руках суправаджалі княскае паляванне, спадзяючыся здабыць зайца або лісу. Лясную глухамань абносілі сеткамі. За імі размяшчалася аблава. Растаўляліся стральцы і на водгалас княжага лоўчага спускалі з павадкоў дзесяткі звязак сабак.

Рознага звяр'я набівалі без ліку. «А штовечар уся грамада весела сядала за сталы, што ўгіналіся пад цяжарам сярэбраных паўміскаў, перапоўненых разна-стайнымі стравамі, і... елі па-паляўніцку, а пілі па-радзівілаўску. Калі апаражнялі цэлыя палкі пастаўляных на сталах бутэлек, у сталовую ўцягвалі бочку на колах, акаваную сярэбранымі абручамІ. А як толькі венгерскае з яе куфлямі вычэрпвалі да дна, за першаю выязджала другая і трэцяя бочка. Да таго часу, пакуль «поле бітвы» не было ўслана «трупамі». Непераможаныя рыцары, маючы заўсёды на чале князя Караля, выходзілі на замкавы дзядзінец. Там, раздзеўшыся, станавіліся каля студні і, аблІтыя службаю з ног да галавы халоднаю вадою, кіраваліся на адпачынак, пры водгаласе капэлаў, спяваючы хорам:

У нашага Радзівіла

Шляхта моцна ўвесь мас піла,

А як трэба, моцна б'е,

Весела сабе жыве! (37).

Акрамя вялікіх паляванняў-ловаў, паляванні з удзелам невялікай колькасці слуг таксама былі звыклай і любімай формай баўлення часу ў асяроддзі магнатэрыі і шляхты княства. Дыярыюш (дзённік) Міхала Казіміра Радзівіла, бацькі Пане Каханку, літаральна стракаціць упамінаннямі аб паляваннях: «зранку шчасця спрабаваў, мядзведзя схаванага забіў, потым на куццю меў вялікую кампанію, на ютрані, імшы і казанні быў я ў айцоў езуітаў»38; «...спыніўся ў дзікім звярынцы, каторы нядаўна казаў паставіць, і там забілі мы дзікоў вялікіх і малых штук 66...»39; «раніцай ездзіў да звярынца пад Берасцяны і тут восем дзікоў забіў, а адну свінню паросную казаў, урэзаўшы левае вуха, выпусціць на вольнасць»; «...па абедзе з лягавым псом ездзіў я на паляванне з фізіяй»41; «...вярхамі праехаўся і цяцёрак набіў некалькі пар, зайца і курапатваў пары дзве...» (42).

Царкоўныя святы феадальная вярхушка княства часта праводзіла (у залежнасці ад веравызнання) у праваслаўных макастырах ці каталіцкіх кляштарах, прымаючы ўдзел у набажэнствах і святочных манаскіх трапезах, хрэсных шэсцях, рэзурэкцыях (43).

Нягледзячы на панаванне царкоўнай ідэалогіі, абавязковага ўдзелу ў царкоўных і касцёльных набажэнствах, хрэсных ходах і г. д., жыццё феадальнай верхушкі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XVI–XVIII стст. нельга ўявіць без свецкіх свят, банкетаў, прыёмаў, тэатральна абстаўленых маляўнічых выездаў, вайсковых парадаў і ваенізаваных гульняў. 3 гэтага пункту гледжання вельмі цікавы дыярыюш Міхала Казіміра Радзівіла. «Сёння адзначалі, – пісаў ён у 1738 г., – пры гучным біцці з гарматаў і ручной страляніны імяніны караля, вечарам каляцыя (банкет), баль і феерверк адбыўся»44. 4 лістапада 1741 г. ён запісаў: «Раніцой у касцёле адпрауляў каралявіны сястры маёй, стараставай Бускай, сына майго і дачкі маёй, каляцыі і баль даваў, каторы трываў аж да дню, строга ўпіўся я, бо надта вялікую кампаніго меў, мала ня ўсіх тут ў Менску прытомных (гэта значыць знакамітых)»45. 5 лістапада: «Пасля п'янства хварэў і спаў аж да гадзіны 4-ай папалудні, потым быў на балі ў Ям. п. Масальскага, ваяводы Мсціслаўскага, маршалка трыбунальскага». 6 лістапада: «Абед меў вялікі і танец і зноў упіўся, але ўсё ж не гэтак, як надоечы»46.

Уменне многа піць лічылася заслугай ў асяроддзі шляхты. Хто пераўзышоў у выпіўцы іншых, лёгка набываў брацкую любоў і папулярнасць. Аднак гэта не былі звычайныя п'яніцы, і ні адзін з іх не піў па-за таварыскай кампаніяй47. Пры тагачаснай форме дзяржаўнага кіравання, пратэкцыянізму, безупынных шляхецкіх канфедэрацый папулярнасць была неабходна, і яна набывалася з поўнай чаркай у руках. У час таварыскіх шляхецкіх кампаній і папоек заключалася сяброуства, усталёўваліся саюзы, спыняліся сваркі, уладжваліся праекты на сейме, зладжваліся шлюбы48. Венгрыя ўсё сваё віно прадавала ў Рэчы Паспалітай. За пшаніцу, лён, пяньку, што прадавалі ў Данцыгу, Рызе і Мемелі, памешчыкі куплялі амаль выключна вострыя прыправы і моцныя вінаградныя віны (49).

Аднак да выхавання дзяцей ставіліся вельмі сур'ёзна, стараліся даць ім усебаковую адукацыю, забаранялі ўжыванне алкаголю,50 з малых гадоў, паводле звычаю, аддавалі пад апеку ў працавітыя сялянскія сем'і або пад нагляд хатніх настаўнікаў, гувернёраў. Міхал Клеафас Агінскі, прадстаўнік аднаго са старажытнейшых магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай, пісаў у сваіх аўтабіяграфічных запісках: «Мне ішоў семы год. Я гаварыў пасрэдна па-французску, па-нямецку і па-польску... Мяне прымусілі вывучаць катэхізіс, я прачытаў Новы і Стары Запаветы і ведаў геаграфію нагэтулькі, каколькі можна было ведаць у маім узросце. ...Я быў... аддзелены ад бацькоў, сустракаўся з імі падчас абеду і калі-нікалі ўвечары. ...3 16 да 18 гадоў я страшэнна схуднеў, і мае фізічныя сілы былі змардаваныя працай па шаснашаць гадзін у дзень... Я адчуў пазней рэальныя перавагі доўгай працы... і быў задаволены, калі ў мае дваццаць гадоў бацька даверыў мне кіраўніцтва справамі і перадаў у мае рукі адміністраванне ўсімі сваімі землямі...».5'

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]