Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Smolik_A_I__Kukhto_L_K__Tsobkalo_A_A_Kultur.doc
Скачиваний:
179
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
13.56 Mб
Скачать

8.3. Мастацтва

Літаратура. На мастацкую культуру старажытнаіндыйскага грамадства глыбока паўплывалі індуізм, будызм і іслам. Мастацка-вобразнае ўспрыманне праз прызму пералічаных рэлігійных і філасофскіх сістэм адзначаецца вытанчанасцю паказу чалавека і навакольнага свету. Гэта спецыфіка рэлігійных уяўленняў аказала значны ўплыў на стварэнне першых помнікаў старажытна­індыйскай літаратуры. Асобнае месца сярод іх займаюць свя­шчэнныя тэксты, так званыя Веды, у якія ўваходзяць свяшчэнныя песні, урачыстыя гімны і магічныя заклінанні. Вядомы чатыры разнавіднасці Ведаў: “Рыгведа”, “Самаведа”, “Яджурведа”, “Атхарваведа”. Пазней для тлума­чэння найбольш складаных палажэнняў Ведаў былі створаны “Брахманы” – празаічныя тэксты з тлумачэннямі і каментарыямі да ўсіх чатырох Ведаў. У VII–III стст. да н. э. былі створаны “Упанішады”, мэтай напісання якіх было растлумачэнне прыхаванага сэнсу старажытных рэлігійных абрадаў і рытуалаў, а таксама навучанне іх правільнаму выкананню. Прыкладна ў гэты час у Старажытнай Індыі ўзніклі і першыя эпічныя творы – дзве невялікія эпічныя паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”. Аснову “Махабхараты” склалі гераічныя песні і сказанні, што выконваліся прыдворнымі спевакамі і сказацелямі. У цэнтры сюжэта “Махабхараты” знаходзіцца працяглая бітва двух родаў і іх саюзнікаў за ўладаранне над Хасцінапурай. “Рамаяна” была прысвечана подзвігам царэвіча Рамы, які з’яўляецца аб’ектам культу ў вішнуізме.

Значную ролю ў літаратуры Старажытнай Індыі займалі празаічныя жанры – байкі, казкі, прытчы, павучальныя гісторыі, прыказкі і прымаўкі.

Далёка за межамі Індыі вядомы эратычны твор “Кама сутра” (“Мастацтва кахання”). Ён прысвечаны парадам наконт усту­п­лення ў шлюб і спосабаў яго захавання, а таксама класіфікацыі любоўных гульняў, апісання сексуальных поз, адносін з кур­тызанкамі, дадатковых сродкаў забеспячэння пачуццёвага задавальнення. Яго можна назваць своеасаблівай энцыклапедыяй сямейных адносін і сексуальнага жыцця. “Кама сутра” была напі­сана дзеля знаёмства індыйскіх грамадзян з пытаннямі кахання.

Ступа ў Санчы

(ІІ–І стст. да н.э.)

Архітэктура. Першыя архітэктурныя помнікі Старажытнай Індыі адносяцца да эпохі харапскай цывілізацыі. Ранейшых збудаванняў не захавалася, таму што пераважная большасць пабудоў рабілася з дрэва, якое з цягам часу разбуралася, а помнікі знікалі. У харапскую і кушана-гупцкую эпохі пачалі ўзводзіць пабудовы з цэглы і каменя, таму некаторыя з падобных помнікаў больш-менш добра захаваліся. Высокімі мастацкімі якасцямі адзначаліся помнікі як рэлігійнага, так і свецкага характару. Да асноўных тыпаў архітэктурных помнікаў адносяцца будыйскія культавыя збудаванні некалькіх тыпаў: так званыя “ступы” (манументальныя паўсферычныя пабудовы), пячорныя храмы-малельні (“чайцья”) у Аджанце, Карлі, Кондане; мемарыяльныя стаўпы “стамбха” (у Сарнатху), а таксама будыйскія манастыры. Ступы спачатку былі сховішчамі рэліквій Буды і будыйскіх святых, а пазней уяўлялі сабой мемарыялы, якія ўзводзіліся ў гонар падзей, звязаных з будызмам.

Класічны ўзор індыйскай ступы ўяўляе найбольш старажытная ступа ў Санчы (IІ–I стст. да н. э.), зроболеная з каменя і цэглы. Яе форма і прапорцыі сімвалізуюць свяшчэнную залатую та­ру Меру – у індуізме і будызме сімвал цэнтра Сусвету, вакол якога абарочваюцца планеты, зоркі, сонца, месяц. Перакладзіны чаты­рох варот (“торана”) упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі з жыцця Буды.

З пячорных комплексаў найбольш цікавымі з’яўляюцца комплексы ў гара­дах Карлі і Элоры. Так, пячорны храм у Карлі мае амаль 14 м у вышыню, 14 м у шырыню і прыблізна 38 м у даўжыню. Самым знакамітым храмам у Індыі з’яўляецца комплекс у Аджанце, які складаецца з 29 пячор. У Аджанце заха­валіся выдатныя ўзоры індыйскага жывапісу – мясцовыя насценныя і дахавыя роспісы, прысвечаныя сцэнам з жыцця Буды, міфалагічным сюжэтам, розным сцэнам свецкага жыцця, а таксама багам, жывёлам.

Да нашага часу захавалася шмат архітэктурных помнікаў свецкага характару, пераважна гарадскіх пабудоў. Плошча гарадоў складала прыкладна каля 2,5 кв. км, а насельніцтва – адпаведна да 80 – 90 тыс. чалавек. Вуліцы былі прамымі, доўгімі, даволі шырокімі і перасякаліся пад прамым вуглом, меліся шматлікія завулкі.

Гарады былі абнесены моцнымі цаглянымі сценамі з вежамі. Правіцель і жрацы жылі ва ўмацаваным раёне на высокай платформе на ўзгорку, а простыя насельнікі пражывалі ў ніжняй частцы горада. Многія дамы найбольш багатых людзей мелі 2–3 паверхі і складаліся з некалькіх дзесяткаў розных пакояў. Больш бедныя людзі пражывалі ў аднапавярховых дамах з двума-трыма пакоямі. Частка дамоў мясцовых жыхароў мела балконы, ванныя і туалетныя пакоі.

Скульптура. У Старажытнай Індыі існавалі некалькі школ скульптуры, з якіх найбольш уплывовымі былі гандхарская, матхурская і школа Амараваці. У гандхарскай школе спалучаліся тры традыцыі: будыйская, грэка-рымская і сярэднеазіяцкая. Менавіта тут былі створаны першыя выявы Буды. У матхурскай школе пераважала свецкае асяроддзе побач з рэлігійнымі кампазіцыямі. У ёй таксама рана з’явіліся выявы Буды. Школа Амараваці ў параўнанні з іншымі скульптурнымі школамі пераняла традыцыі поўдня краіны і будыйскія каноны.

Сярод твораў выяўленчага мастацтва пераважалі помнікі каменнай скульптуры. З тагачаснага перыяду да нас дайшлі статуя багіні ўрадлівасці з Дыдырганджа, шматфігурныя рэльефы на агароджы і браме ступ у Санчы, дзе адлюстраваны сюжэты розных паданняў пра Буду; знакамітая “Львіная капітэль”, якая стала нацыянальным сімвалам сучаснай Індыі. Захаваліся таксама каменныя і гліняныя статуэткі з выявамі індыйскіх святароў, правіцеляў, ваеначальнікаў, Багіні – Маці, шэраг тэракотавых фігурак цяжарных жанчын, разнастайных дзіцячых цацак і інш.

У індыйскім мастацтве скульптуры была пашырана так званая “мітхуна” – выява закаханай пары, якая ў касмаганічным плане сімвалізавала паяднанне мужчынскага і жаночага пачаткаў. Найвышэйшым індыйскім ідэалам прыгажосці, які адлюстраваны найперш у скульптурных творах, з’яўляецца цела пачуццёвай, пышна складзенай жанчыны з шырокімі, масіўнымі клубамі, акруглымі, цвёрдымі грудзямі.

Найбольш вядомым помнікам стараіндыйскай культуры з’яўляюцца насценныя роспісы ў пячорах Аджанты. У гэтым будыйскім комплексе жывапіс пакрывае сцены і столі ўнутраных памяшканняў. Тут разнастайныя сюжэты з жыцця Буды, міфа­лагічныя тэмы, сцэны з паўсядзённага жыцця, палацавая тэма­тыка. Усе малюнкі выдатна захаваліся, паколькі індыйцы добра ведалі сакрэты прыгатавання фарбаў.

Музыка. У этнічнай індыйскай музыцы пераважалі “ведыйскія песнапенні”, своеасаблівая напеўная дэкламацыя свяшчэнных тэкстаў.

На мяжы нашай эры сфарміраваліся розныя музычна-танцавальныя і музычна-тэатральныя жанры: пачалося развіццё музычнай навукі, былі напісаны першыя трактаты па музыцы. Аснову індыйскай класічнай музыкі складаюць ладамеладычнае разгортванне і метрарытмічная арганізацыя.

Музычнымі інструментамі класічнай індыйскай музыкі з’яўляюцца сітар, віна, даф, нагара, сурнай, флейты і інш.

Музыканты.

Барэльеф з храма Парашурамешвара

Для класічнай мастацкай культуры Індыі характэрна спалучэнне музычнага, вакаль­нага і харэаграфічнага мастац­тва, на аснове якога ў пазней­шы перыяд сфарміраваліся ас­ноўныя формы індыйскага му­зычнага тэатра – джатра, якша­гана, тэмаша і інш. Узорамі та­кога тэатра можна лічыць і класічныя стылі індыйскага танца – бхарат нацья, катха­калі, катхак, маніпуры.

Матэрыяльная культура. Індаарыі спачатку былі кача­вымі плямёнамі, асноўным гаспадарчым заняткам якіх была жывё­лагадоўля. Паступова ў плямёнах індаарыяў пачала­ся дыферэн­цыяцыя, у выніку чаго спачатку вылучаліся дзве найбольш уплывовыя праслой­кі: жрацы і правіцелі. Аднак найбольш шматлікім быў слой абшчыннікаў-вытворцаў.

На аснове гэтых сацыяльна-маёмасных адрозненняў сфармі­равалася сістэма чатырох варнаў (саслоўяў): брахманы (жрацы), кшатрыі (правіцелі і воіны), вайш’я (земляробы, жывёлаводы, простыя абшчыннікі), шудры (бедныя, бяспраўныя людзі).

Раджастанская мініяцюра

З цягам часу ў Індыі сфармі­равалася сістэма кастаў, агуль­ная колькасць якіх магла скла­даць нават некалькі тысяч. Ка­лі сістэма варнаў была зас­на­вана на сацыяльнай няроўна­сці мясцовага насельніцтва, то сіс­тэма касты вызначалася най­перш прафесійнай прына­леж­насцю тых ці іншых груп індыйскага грамадства.

У Старажытнай Індыі сфар­міраваліся не толькі каставая сістэма, але і этычныя правілы паводзін прадстаўнікоў розных кастаў. Жыхары краіны абавя­заны былі прытрымлівацца канцэпцыі пра чатыры асноў­ныя этапы ў жыцці кожнага мужчыны, які належыць да трох вышэйшых кастаў. Гэта этапы вучнёўства; жыцця хатняга гаспадара (галавы сям’і); пустэль­ніцтва; вандруючага аскета.

Лічылася, што строгае выкананне кожным чалавекам свайго закону можа прывесці чалавека на неба і забяспечыць яму вечнае жыццё ў іншасвеце. У адваротным выпадку, пры невыкананні дадзеных законаў, увесь свет можа загінуць у выніку змешвання кастаў. Законам для вышэйшых кастаў у Індыі з’яўляюцца наступныя віды дзейнасці, заняткі: для брахманаў – вучэнне, навучанне, ахвярапрынашэнні для сябе і іншых людзей, раздача дароў і іх атрыманне; для кшатрыяў – вучэнне, ахвяра­прынашэнне, раздача дароў, здабыванне сродкаў для жыцця ваеннай справай і абарона жывых істот; для вайш’яў – вучэнне, ахвярапрынашэнне, раздача дароў, земляробства, жывёлагадоўля і гандаль; для шудраў – паслухмянасць, вядзенне гаспадаркі, рамяство і акцёрства.

У Старажытнай Індыі існавалі розныя формы шлюбу і сямейнага жыцця. Напрыклад, тут мелі месца палігамія і паліандрыя, прычым апошняя праяўлялася ў форме жаніцьбы некалькіх братоў на адной жанчыне. Аднак найбольш была распаўсю­джанай манагамная сям’я.

Шлюбы звычайна заключаліся ў межах сваёй варны, але дапускаліся і міжкаставыя шлюбы. Было нормай як мага раней любым спосабам выдаваць замуж сваю дачку. Калі ж бацька не выдаваў сваю дачку замуж яшчэ ў дзяцінстве, то гэта разглядалася як яўны грэх.

У адпаведнасці з традыцыйнымі нормамі лічылася нармальным, калі 30-гадовы мужчына жаніўся з 10–12-гадовай дзяў­чынай. Шлюб разглядаўся як адзін з важных рэлігійных абавязкаў чалавека, бо лічылася, што сем’і, у якіх нараджаюцца дзеці, аддаюць своеасаблівы доўг сваім продкам. Да тых людзей, хто не ўступаў у шлюб, адносіліся непрыхільна і лічылі іх няздатнымі да выканання рэлігійных дзеянняў і абрадаў. Уступленне маладых у шлюб суправаджалася адпаведнымі рэлігійнымі цырымоніямі, рытуаламі.

Многія элементы духоўнай і матэрыяльнай культуры Старажытнай Індыі аказалі значны ўплыў на краіны Цэнтральнай і Усходняй Азіі, а таксама на заходні свет.

Заданні

1. Вызначце асноўныя рысы культуры Старажытнай Індыі, стварыце мультымедыйную прэзентацыю.

2. Вывучыце ўяўленні індаарыяў аб навакольным асяроддзі па “Рыгведзе”, аформіце іх у сціплы гіпертэкст, які б мог быць уве­дзены ў камп’ютэрную версію дапаможніка.

3. Стварыце мультымедыйную прэзентацыю “Чатыры высакародныя ісціны” Буды.

4. Падрыхтуйце невялікі тэкст аб каставай сістэме Старажытнай Індыі, прапануйце яго да ўключэння ў электронны дапаможнік.

5. Пазнаёмцеся з сістэмай йогі Індыі, прасачыце восем яе ступеняў, стварыце мультымедыйную прэзентацыю.

6. “Джавахарлал Неру (1889–1964) аб асаблівасцях мастацкай культуры Індыі”, вывучыце і прапануйце да ўключэння ў камп’ю­тэрную версію дапаможніка.

Літаратура

1. Бонгард-Левин, Г.М. Древняя Индия. История и культура / Г.М.Бонгард-Левин [ и др. ]. – СПб.: Алетейя, 2001. – 187 с.

2. Гоголев, К.Н. Мировая художественная культура: Индия. Китай. Япония: учеб. пособие / К.Н.Гоголев. – М.: Изд. и книготорговый центр “Аз”, 1999. – 350 с.

3. История Древнего мира: Древний Восток. Индия. Китай. Страны Юго-Восточной Азии / А.Н.Бадак, И.Е.Войнич, Н.М.Волчек [и др.] – Мн.: Харвест, 1998. – 884 с.

4. История культуры Древней Индии: тексты. – М.: Изд-во МГУ, 1990. – 351 с.

5. Кнотт, К. Индуизм / Ким Кнотт; пер. с англ. – М.: Весь мир, 2001. – 187 с.

6. Кулаков, А.Е. Религии мира: пособие для учащихся / А.Е.Кулаков. – М.: АСТ, 1996. – 349 с.

7. Левяш, И.Я. Культурология / И.Я.Левяш. – 5-е изд., испр. и доп. – М.: Айрис-пресс, 2004. – 576 с.

8. Лекции по истории религии: учеб. пособие / А.Л.Буряковский [и др.]. – СПб.: Лань, 1997. – 267 с.

9. Немировская, Л.З. Культурология. История и теория культуры: учеб. пособие / Л.З.Немировская. – М.: ВСХИЗО, 1992. – 92 с.

10. Ольденбург, С.Ф. Культура Индии / С.Ф.Ольденбург. – М.: Наука, 1991. – 279 с.

11. Религиозные традиции мира: в 2 т. / сост. Б.Г.Иэрхарт; пер. с англ. – М.: Крон-пресс, 1996. – 2 т.

12. Эррикер, К. Буддизм / Клайв Эррикер; пер. с англ. – М.: Гранд: ФАИР-пресс, 2001. – 301 с.

13. Albanese, M. India: Treasures from an Ancient Civilizations / Marilia Albanese. – White Star, 2007. – 296 p.

14. Barr, M. India: Exploring Ancient Civilizations / Marilyn Barr. – Teaching and Learning Company, 2003. – 48 p.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]