Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Shpory_po_bel_yaz

.docx
Скачиваний:
41
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
100.44 Кб
Скачать

В-1.1.Сутнасць і прырода мовы

Такім чынам, мова – з’ява грамадская, якая ўзнікла на пэўным этапе развіцця чалавецтва і з’яўляецца вынікам прынцыпова новага якаснага ўзроўню развіцця чалавека і сацыяльнай арганізацыі грамадства.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу яе гісторыі, з'яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа.

2. Гіпотэзы паходжання мовы

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай. Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі: а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця; б) мова створана звышнатуральнай сілай. Існуе некалькі гіпотэз паходжання мовы, найбольш пашыраныя з іх наступныя.

Самая старажытная філасофская канцэпцыя мовы – лагасічная (логасная). Яна пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога і існуе ў некалькіх разнавіднасцях: ведычнай, канфуцыянскай, біблейскай.

Паводле міфолага-рэлігійнай тэорыі, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак. Дух уздзейнічае на матэрыю, якая знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы.

Пытанне пра паходжанне мовы разглядалася і ў антычнай філасофіі. Яшчэ ў VII–VI ст. да н.э. старажытнагрэчаскія вучоныя імкнуліся знайсці сувязь паміж словамі, «імёнамі» і высветліць, які характар паходжання мовы – прыродны ці ўмоўны. Пазней гэтыя праблемы асэнсоўваліся ў філасофіі эпохі сярэдніх вякоў і Адраджэння.

З XVI ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя паходжання мовы, у аснове якой ляжыць рацыянальная філасофская канцэпцыя «грамадскай дамоўленасці». Паводле яе, грамадская дамоўленасць адрознівае чалавечае грамадства ад першабытнага статка, дзе пануюць варожасць і барацьба кожнага.

Пазней на аснове філасофіі грамадскай дамоўленасці былі распрацаваны т.зв. этымалагічныя, ці натуралістычныя, гіпотэзы паходжання мовы: гукапераймальная, выклічнікавая і інш. Так, паводле гукапераймальнай гіпотэзы, мова ўзнікла са здольнасці чалавека пераймаць гукі навакольнага свету (птушак, звяроў). Згодна з выклічнікавай тэорыяй, штуршком для ўзнікнення мовы былі натуральныя інстынктыўныя гукавыя комплексы накшталт ой-ой, ха-ха як рэакцыя на пэўныя вонкавыя раздражняльнікі.

Вялікая ўвага праблеме паходжання і развіцця мовы надавалася ў працах французскіх і нямецкіх філосафаў (Ж.Русо, І.Гердэра і інш.). Але найбольш разгорнутае асвятленне атрымала гэтая праблема на пачатку XIX ст. у даследаваннях нямецкага філосафа і лінгвіста Вільгельма фон Гумбальта. На яго думку, «узнікненне мовы абумоўлена ўнутранай праблемай чалавецтва». Мова, па Гумбальту, – гэта жывая дзейнасць чалавечага духу, адзіная энергія народа, якая ідзе з глыбінь чалавечай існасці і напаўняе ўсё яго жыццё. Мова не проста сродак зносін людзей, яна тая сіла, якая робіць чалавека чалавекам. Канцэпцыя Гумбальта апіралася на ідэю ўзаемазвязнага развіцця мовы, мыслення і «духу народа». «Мова і духоўная сіла народа развіваюцца не асобна адна ад адной і не паслядоўна адна за другой, а складаюць выключна і непадзельна адно і тое ж дзеянне інтэлектуальнай здольнасці».

У XIX ст. была распрацавана т.зв. матэрыялістычная тэорыя паходжання мовы, ці «працоўная», або «сацыяльная». Паводле яе, мова ўзнікла як вынік сумеснай дзейнасці перашабытных людзей (неабходнасць узаемаразумення стымулявала ўзнікненне гукавых комплексаў). Перашабытныя людзі як бы прымацоўвалі гукавыя комплексы да прадметаў, дзеянняў. Паступова з развіццём грамадства слова ўжывалася не толькі для абазначэння канкрэтнага, але і цэлага класа прадметаў. Абстрагуючыся ад прадмета, мова ператваралася ў своеасаблівы знак. Такім чынам, вытокі мовы ўзыходзяць да пачатку сумеснай працоўнай дзейнасці і іншых грамадскіх стасункаў у працоўным калектыве.

3. Функцыі мовы ў грамадстве Універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Асноўнымі сярод усіх функцый (а іх налічваецца каля 25) мовы з'яўляюцца камунікатыўная (мова – найважнейшы і унікальны сродак узаемаадносін паміж людзьмі) і пазнавальная, ці кагнітыўная (мова забяспечвае магчымасць думаць і пазнаваць свет). Пры дапамозе гэтых дзвюх функцый асоба атрымлівае інфармацыю ад іншых людзей ці грамадскія суполкі, людзі перадаюць патрэбную інфармацыю іншым асобам. Але з дапамогай мовы людзі не толькі могуць паведамляць адзін аднаму патрэбную інфармацыю, але і назапашваць веды, фіксаваць, класіфікаваць, абагульняць пэўныя інтэлектуальныя дасягненні чалавецтва.

На базе дзвюх асноўных функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя. У складзе камунікатыўнай функцыі вылучаюцца, напрыклад, рэгулятыўная, ці фатычная, пры дапамозе якой людзі наладжваюць кантакты паміж сабой, уступаюць у дыялогі і замыкаюць іх, рэгулююць адносіны паміж сабой, і акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай самасвядомасці народа.

У складзе пазнавальнай функцыі вылучаюць намінатыўную – функцыя наймення прадметаў, з'яў рэчаіснасці і эмацыйную – функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою.

Словы з’яўляюцца яшчэ і сродкам мастацкай творчасці. Таму з камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам слоў, іх спалучэннем. Гэтая функцыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення.

Вельмі важнай функцыяй мовы з'яўляецца этнічная, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асабліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці этнасу.

4. Нацыянальная мова і духоўная культура народа

Беларуская мова – мова беларускага народа, адметная форма яго духоўнай культуры.. Яе характарызуе, напрыклад, заўсёды цвёрдае вымаўленне гукаў [р], [ч] (чароўны, чабор), наяўнасць складаных гукаў [дз], [дж] (дзеці, гляджу), мілагучнае спалучэнне зычных і галосных (салодкі, ільняны), выкарыстанне сэнсава і эмацыянальна ёмістых слоў (ліпень, вясёлка), характарыстычных фразеалагізмаў (гады ў рады, як на дзяды) і інш.

Тэрмін родная мова, выкарыстаны ў час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года, паказаў наступнае: 81,2 % прызналі сябе беларусамі; 85,6 % з гэтай колькасці прызналі беларускую мову роднаю; болей за 40 % ад гэтай колькасці сцвердзілі, што карыстаюцца беларускаю моваю як формаю зносін паўсядзённа. Родная мова – гэта сістэма, якую пэўны народ самаідэнтыфікуе як сваю ўласную, надзвычай дарагую і каштоўную самому сабе, неад’емную ад гісторыі краю, адметную ад суседніх ці іншых моў.

Мова – не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Гэта люстэрка жыцця народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай..

У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым яны абазначалі спачатку. На працягу гісторыі развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаем, культурай народу, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Так, прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў: дрыгва, дрыгвянік, багна, багнішча, твань, тхлань, імшара і інш.

Мова – не толькі спосаб захавання духоўнасці і культуры, але і ў пэўнай ступені сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільны лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы.

В-8. Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова).

Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць.

Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне.

У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак...(Панчанка

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі ці монасемантычнымі.

Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі.

Метафарычныя значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы.

Метанімічныя значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці.

Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад.

В-11. Паходжанне лексікі беларускай мовы

Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ 3–1 тысяч. да н. э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат.

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы (≈ 2 тысяч. да н. э. – 1 тысяч. н. э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, быкю

3) агульнаўсходнеславянскія словы (УІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік.

4) уласнабеларускія словы (ХІУ – ХУІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел.

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам, так і кніжным Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы:вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка.

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч.

г) з польскай мовы: касцёл, палац, скарб.

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт;

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа.

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. кона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя.

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст.

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд.

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр.

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол.

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта.

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб.

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака,

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

В-13. Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.).

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала);

В-17. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае іншыя значэнні: 1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль). Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш. Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш. Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні. Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрна мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.

В-18.Навуковы стыль, яго функцыянальна‑камунікатыўныя характарыстыкі

У межах навуковага стылю даследчыкамі выдзяляецца некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-папулярны, навукова-вучэбны, навукова-тэхнічны і навукова-палемічны.

Уласна навуковаму падстылю (у адрозненне ад іншых падстыляў) уласцівы акадэмізм, сухасць.

Вобразнае ўжыванне слоў – з’ява менш пашыраная (у параўнанні з мастацкім стылем) у навуковым маўленні, хоць вобразнасць часам прысутнічае пры стварэнні тэрмінаў, напрыклад: кошык валютны, уцёкі капіталаў, банкаўскі рай, фірма-партызан, чараўнік мяча, мёртвы мяч і інш.

У навукова-вучэбным падстылі даволі часта сустракаецца зварот да чытача ў форме дзеясловаў будучага часу абвеснага ладу.

Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.Даволі шырока ў навуковым выкладзе ўжываюцца словы агульнанавуковага выкарыстання (тыпу аналіз, гіпотэза, даследаванне, мадэль, праблема, праграма, працэс, элемент, апрацоўка, аперацыя і інш.).

Тэрмін – гэта слова або тэрміналагічнае словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную лексіку пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, прадметаў серыйнай вытворчасці.

Вузкаспецыяльныя тэрміны ўласцівы ўласна навуковаму падстылю; у тэкстах навукова-папулярнага характару яны звычайна не выкарыстоўваюцца, а калі і ўжываюцца, то з абавязковым тлумачэннем.

Выдзяляюць у навуковых тэкстах такі адметны пласт, як тэрміны-сімвалы, формульныя абазначэнні, скарачэнні, абрэвіятуры, графікі, схемы, малюнкі і пад.

Часам у навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца фразеалагізмы. У такіх выпадках яны выконваюць намінатыўную функцыю.

В-21. Спосабы выкладу навуковай інфармацыі

Тыпалогію тэкстаў у навуковай літаратуры звычайна прадстаўляюць у наступным выглядзе: 1) функцыянальна-камунікатыўны тып тэксту (навуковы, публіцыстычны, размоўны і г.д.); 2) камунікатыўны тып тэксту (інфармавальны, выяўленчы, лагічны); 3) функцыянальна-сэнсавы тып тэксту (апісанне, апавяданне, разважанне); 4) прагматычны тып тэксту (наратыўны – паведамленне, камунікатыўны – стасункі); 5) лінгвакраіназнаўчы тып тэксту (прагматычны, праекцыйны); 6) структурны тып тэксту (з ланцужковай сувяззю, з паралельнай сувяззю і інш.)

Апавяданне, на думку М.М.Кожынай, у навуковых тэкстах займае нязначнае месца (за выключэннем гістарычных і геаграфічных тэкстаў). Паколькі апавяданне – гэта тып тэксту, у якім дынамічна апісваецца фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, яго можна сустрэць у паведамленнях пра ход выканання сваіх уласных эксперыментаў, у звестках гістарычнага характару, ва ўспамінах пра факты асабістай біяграфіі ці з жыцця іншых даследчыкаў

Апісанне – гэта разнавіднасць апавядання, якая ўяўляе сабой рознабаковую і сістэматычную характарыстыку аб’екта маўлення (прадметы, асаблівасці, састаў і пад.) у статычным (у адных прасторавых і часавых межах) аспекце. Апісанне выкарыстоўваюць пры характарыстыцы як пераліку істотных асаблівасцей, прымет ці ўласцівасцей якога-небудзь прадмета або даследуемых аб’ектаў. Апісанню ўласціва значная перавага дзеясловаў цяперашняга часу, гэты спосаб выкладу інфармацыі часцей сустракаецца ў тэкстах школьных падручнікаў.

Пад разважаннем разумеюць тып тэксту, у якім разгляд пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці, аргументаванасці. Лінгвісты прапаноўваюць адрозніваць тры семантычныя разнавіднасці разважання: разважанне-доказ, разважанне-роздум, разважанне-тлумачэнне.

Спосаб выкладу разважанне сустракаецца пры доказе пэўных навуковых палажэнняў, праверцы гіпотэз, тлумачэннях, палеміцы з іншымі аўтарамі і г.д. Выбар разнавіднасці разважання залежыць ад жанру, тэмы, стылю і ўстаноўкі аўтара. Для тэкстаў тыпу разважання характэрна выкарыстанне разнастайных часавых форм дзеясловаў, але з перавагай цяперашняга часу.

Для сучаснай навуковай літаратуры не ўласціва такая з’ява, каб цалкам увесь тэкст навуковай работы выкладаўся якім-небудзь адным спосабам (апісанне, апавяданне ці разважанне).

В-24. Паняцце дакумента. Групы дакументаў

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства.

Па ступені рэгламентаванасці дакументы падзяляюцца на тры групы:

1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.).

2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.).

3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.).

Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя.

1. Асабістыя дакументы.

Да асабістых дакументаў адносяцца заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска і інш. Дакументы менавіта гэтай групы часцей за ўсё сустракаюцца ў нашым жыцці. .

Для тых, хто служыць у арміі, міліцыі (іншых органах унутраных спраў), адной з асноўных асабістых справавых папер з’яўляецца рапарт. Як падаецца ў ТСБМ, рапарт – гэта пісьмовы або вусны даклад, данясенне аб чым-небудзь вышэйшай інстанцыі, начальству.

У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Тут падаюцца афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння; заняткі бацькоў; гады вучобы (службы ў арміі); асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці; кароткія звесткі пра сваё сямейнае становішча. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы і інш.

2. Распарадчыя дакументы

Да распарадчых адносяцца такія дакументы, як загад, распараджэнне, пастанова, указ, дэкрэт. Усе яны носяць заканадаўчы характар і дзейнічаюць як на мясцовым узроўні (горад, прадпрыемства ці арганізацыя, факультэт і інш.), так і на ўзроўні ўсёй краіны.

3.Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы

У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы.

4.Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперы з’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу.

Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ). Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называецца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву.

Даведка – дакумент, які змяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў.

У тлумачальнай запісцы мы раскрываем, тлумачым прычыну нейкіх сваіх дзенняў, учынкаў і г. д.

Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакументаў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.

Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў.

В-26. Паняцце «культура маўлення». Правільнасць маўлення і нормы

Мова – гэта адбітак жыцця чалавека, асобнага народа, яго грамадскага і культурнага развіцця. З дапамогай мовы чалавецтва пазнае акаляючы свет, захоўвае свае традыцыі, перадае нашчадкам уменні і вопыт. Практычныя і тэарэтычныя задачы маўленчай культуры носьбітаў беларускай мовы сталі зараз актуальнымі задачамі развіцця лінгвістычнай навукі.

Тэрмін «культура маўлення» мае два значэнні: 1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); 2) вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення. Працэсы перадачы інфармацыі сродкамі мовы носяць назву «камунікацыі». Задача камунікацыі заключаецца ў тым, каб у свядомасці слухача (чытача) узнікла такая ж інфармацыя, якую перадае той, хто гаворыць (піша). Правільнасць маўлення прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурнай нормы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Вось чаму адна з асноўных задач навучання ў школе заключаецца ў тым, каб кожны авалодаў літаратурнымі нормамі беларускай мовы, а ў ВНУ ўдасканальваў бы іх. Іншымі словамі кажучы, правільнае маўленне – гэта маўленне з захаваннем норм літаратурнай мовы. Моўныя нормы – гэта замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў. Яны адлюстроўваюць грамадска-эстэтычныя погляды на слова і ўнутраныя заканамернасці моўнай сістэмы ў яе развіцці. Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх носьбітаў мовы адзінага вымаўлення гукаў, гуказлучэнняў у словах і спалучэннях слоў. Правільнае літаратурнае вымаўленне – істотная адзнака культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Парушэнне арфаэпічных нормаў тлумачыцца ўплывам дыялектных рысаў роднай гаворкі, зблытаннем асаблівасцей беларускага і рускага літаратурнага маўлення і ўплывам арфаграфіі. Акцэнталагічныя нормы рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах. Словаўтваральныя нормы ахоўваюць найбольш трывалыя, традыцыйныя ў беларускай літаратурнай мове словаўтваральныя тыпы – схемы пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах.

Марфалагічныя нормы замацоўваюць правільнае выкарыстанне моўных сродкаў паводле іх прыналежнасці да пэўных зменных часцін мовы. Сінтаксічныя нормы рэгулююць граматычную сувязь слоў у разнастайных прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, забяспечваюць правільнасць формы кіравання і дапасавання. Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае вуснай і пісьмовай практыкай ужыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі. Лексічныя нормы выводзяць за рамкі ўжывання тыя адзінкі, якіх не прымае літаратурнамоўная практыка. Стылістычныя нормы рэгулююць стылістычную арганізацыю маўлення ў плане выбару не толькі пэўных слоў і сінтаксічных канструкцый, але і марфалагічных формаў. Пунктуацыйныя нормы рэгулююць пастаноўку знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі, прызначанымі для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін ў грамадстве.

Арфаграфічныя нормы рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання формы слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

В-2. 1. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы

У свеце, паводле звестак вучоных, налічваецца ад 2,5 да 6000 жывых і мёртвых моў. На аснове падабенства роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў моўныя сем’і (іх каля 20): індаеўрапейская, цюркская, угра-фінская, кітайска-цібецкая, мангольская, семіта-хаміцкая і інш. У сваю чаргу, моўныя сем’і могуць распадацца на моўныя групы і падгрупы. Аднак ёсць мовы (напр., японская, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская), якія існуюць ізалявана, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп.

Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы.

Індаеўрапейскія мовы – самая вялікая ў свеце моўная сям’я. У наш час амаль кожны другі жыхар планеты гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Сама назва паказвае на вельмі далёкую, але ўсё ж роднасць моў народаў Еўропы і Азіі. Індаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на 12 (у дапаможніках Л.І. Сямешкі, Л.А. Гіруцкай і некаторых іншых аўтараў называецца лічба 16) груп: індыйская, германская (англійская, нямецкая, галандская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская і г. д.), раманская (іспанская, італьянская, французская, румынская, малдаўская, партугальская, мёртвая лацінская мова і г. д.), славянская, балтыйская (літоўская, латышская і мёртвая пруская мова), кельцкая (ірландская, шатландская і г. д.), іранская (персідская, афганская, таджыкская і г. д.), грэчаская, армянская, албанская, хецкая, тахарская.

В-3. Славянская група распадаецца на тры падгрупы: усходнюю (беларуская мова, руская, украінская), заходнюю (польская, чэшская, славацкаая, сербалужыцкая, мёртвая палабская), паўднёвую (балгарская, македонская, сербскахарвацкая, славенская, мёртвая стараславянская). Увогуле, славянскія мовы – пятая паводле распаўсюджанасці група моў на Зямлі (пасля кітайскай, індыйскай, германскай і раманскай).

Славянскія мовы выдзеліліся з індаеўрапейскай мовы (мовы-асновы, прамовы, мовы-маці) недзе на мяжы ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да н. э. Ад тых старажытных часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся вялікі пласт слоў. У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца словы Бог, вера, дух, дзіва, неба, маці, брат, снег, воўк, вуж, лён, лічэбнікі два, тры, дзесяць, сто, займеннікі ты, вы, сам і інш.

ІІІ тысячагоддзе да н. э. – І тысячагоддзе н. э. – агульны перыяд у гісторыі славян – агульнаславянскі (скончыўся гэты перыяд прыкладна ў сярэдзіне І тысячагоддзя н. э.). І, адпаведна, мову славян гэтага часу называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Яна складалася з блізкароднасных племянных дыялектаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Ёсць гіпотэза і аб існаванні агульнай балта-славянскай мове-продку, што тлумачыцца асабліва блізкімі адносінамі ў старажытнасці славян і балтаў (шматлікія прозвішчы, назвы населеных пунктаў, вадаёмаў на Беларусі маюць балцкія карані: Нёман, Нача, Ашмяны, Смаргонь, Кемелішкі, Гервяты, Геранёны і многія іншыя.

У ІХ ст. усходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву Кіеўская Русь, а ў канцы Х ст. на нашыя землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян (успомнім асветнікаў Кірылу і Мяфодзія). На гэты час яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі рукапісныя. Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў, але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу.

Дзяржаўнай жа мовай Кіеўскай Русі з’яўлялася старажытнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская мова, утвораная шляхам сінтэзу стараславянскай мовы і жывой гутарковай мовы ўсходніх славян. Нагадаем, што тэрмін «старажытнаруская» звязваецца не з сучаснай рускай мовай (велікарускай), а адносіцца ў роўнай ступені да ўсіх трох усходнеславянскіх моў. Ужо ў гэты час у літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны.

В-4. Роля беларускай мовы ў ВКЛ

У ХІІІ ст. пасля распаду Кіеўскай Русі (а гэтаму паспрыялі міжусобныя войны феадалаў) пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Беларуская народнасць утварылася з трох плямён: крывічы, радзімічы, дрыгавічы.

Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы адыгралі мясцовыя гаворкі. Як асобная самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІУ – ХУІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай. У пісьмовых дакументах таго часу наша зямля часта называецца Літвой, беларусы – літоўцамі або ліцвінамі ў знак таго, што яны былі жыхарамі ВКЛ, а мова – літоўскай, рускай, простай

На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, вучэбная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска. Важна і тое, што на славянскім усходзе распачалося кнігадрукаванн.

Найбольш вядомыя помнікі літаратуры таго часу.

1.Справавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, дарчыя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Помнікі справавой пісьменнасці, як рукапісныя, так і друкаваныя, сабраны ў 600 тамоў Літоўскай метрыкі, дакументы якой даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў і з’яўляюцца крыніцай вывучэння беларускай мовы. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду, безумоўна, лічыцца Статут Вялікага Княства Літоўскага, які стаў узорам, асновай для ўпарадкавання права нават у многіх суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі!

Справавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі, яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з’явы. Слоўнік старабеларускай мовы папаўняўся грамадска-палітычнай, юрыдычнай тэрміналогіяй: аброк, права, мыто (пошліна), послух (сведка), рубель, чалядзін, дзяржава, прыгонныя людзі, помста, забойца, кошт і г. д.

2. Летапісы (захавалася каля 20 збораў) ХУ – ХУІІ стст. Сярод іх знаходзяцца Супрасльскі збор, Увараўскі збор, Віленскі зборнік, дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжацкія справы на тэрыторыі нашай краіны.

3. Перакладная жыційная літаратура (ХУ – ХУІ стст.). Пераклады з грэчаскай, сербскай і некаторых іншых моў:

4. Мастацкая і палемічная літаратура: «Метры» Сімяона Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічныя прамовы Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама вершы невядомых аўтараў.

5. Лінгвістычная літаратура: «Грамматіка Словенска», «Лексіс»

6. Рэлігійная літаратура.

У старабеларускіх рукапісных і друкаваных кнігах даволі разнастайна пададзены жывыя моўныя з’явы, уласцівыя беларускім гаворкам і не характэрныя ў цэлым для рускай і ўкраінскай моў. Да пералічаных ужо фанетычных адметнасцей неабходна дабавіць падаўжэнне зычных (зелле, жыццё і інш.), зацвярдзенне р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і г.д.), прыстаўныя гукі в, г (восень, гусеница і інш.), пераход в, у, л у ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і пад.), чаргаванне складоў ро, ло з ры, лы ў становішчы паміж зычнымі (кровъ – крыви, глотка – глытати і пад.). З марфалагічных рысаў: скланенне назоўнікаў тыпу боль, жаль, тень, насыпъ і г. д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў –у(-ю) у назоўніках р. скл. адз. л. м. р.(народу, броду і пад.). У слоўнікавым складзе беларускай мовы, акрамя спрадвечнабеларускай лексікі, сустракаюцца шматлікія запазычанні з розных моў: польскай (скарга, еднасць, ліст, ксёндз і інш.), чэшскай (брама, гарцаваць і інш.), літоўскай (пуня, клуня, жвір і інш.), нямецкай (варта, штурм, фурман і інш.), французскай (пашпарт, сяржант і інш.), італьянскай (пошта, палац, кампанія і інш.), лацінскай (правінцыя, камісія, працэс, копія і інш.), грэчаскай (біблія, манах і інш.), цюркскіх (атаман, тавар, торба і інш.) і г. д.

В-9. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы

Амонімы (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні.. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000).

Шляхі ўзнікнення амонімаў:

1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх слоў

2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў.

3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў..

4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы.

Ад лексічных амонімаў трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску

Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя.

Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта.

У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства.

2. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі.

3. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі.

Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці

Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм,

Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах.

Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’;.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

В-12. Лексіка паводле сферы выкарыстання

Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя).

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г. д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе аматараў выпіць сустракаюцца наступныя жаргонныя словы: налізацца, завязаць, пузыр, чарніла, фауст, псіхатроп, балбанэс і інш.).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot – замкнуты). Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы.

Тэрмін (ад лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г. д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г. д.).

Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад.

В-14. Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г. д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 – 1984).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыцца лексіка адной гаворкі або групы гаворак.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі: «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972).

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982).

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г. д

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя (паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныя слоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя (фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будов слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

В-19. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю

Наяўнасць абстрактных паняццяў і катэгорый у тэрміналогіі абумоўлівае шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем з суфіксамі –нн-, –енн- (-энн), –анн-: абнародаванне, дазнанне, адкліканне, адчужэнне, акрэдытаванне, а таксама з суфіксам –цыj-: асацыяцыя, датацыя, дэкларацыя і пад. У лексіцы спорту даволі часта сустракаюцца назоўнікі аддзеяслоўнага паходжання тыпу сед, дажым, разварот, высед, зачэп, абвіў.

Для навуковага выкладу характэрны назвы родавых, абагульняючых паняццяў, а таксама словазлучэнняў абагульняючага значэння, напрыклад: анкетуемы, інфармант, рэспандэнт;

Адметнай рысай навуковага стылю зяўляецца частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў.

Уласныя імёны часта сустракаюцца ў якасці залежнага кампанента словазлучэння ў назвах формул, методык, тэорый і пад. Уласныя назоўнікі ці прыметнікі страчваюць сваё значэнне прыналежнасці пэўнай асобе і пачынаюць перадаваць якасную характарыстыку паняцця, у склад якога яны ўваходзяць.

Тэхнічныя тэксты маюць сваю спецыфіку выкарыстання назоўнікаў: рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца ў формах множнага ліку: мылы, смолы, гліны, солі, металы, маслы, бензіны, духі, зубы, чыгуны, пары, спірты, газы і інш.

Прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тзрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю.

Класіфікацыйная роля прыметніка абумоўлівае той факт, што ў тэкстах дакладных навук якасныя прыметнікі даволі часта не маюць ступеней параўнання і форм субектыўнай ацэнкі Адзінкавыя выпадкі ўжывання прыметнікаў у форме найвышэйшай ступені параўнання знаходзім у тэрмінах найбольшае спрыянне.

Для навуковай мовы характэрны субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку тыпу непаўналетнія, непрацаздольныя, абвінавачаны, падсудны.

Дзеепрыметнікі сустракаюцца пераважна ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў, напрыклад: крэдыт адтэрмінаваны.

Дыялагічнасць навуковай мовы праяўляецца ў шырокім выкарыстанні дзеясловаў у форме будучага часу абвеснага ладу (са значэннем пазачасавасці) тыпу адзначым некалькі пунктаў, параўнаем версіі, параўнаем вынікі і інш.

У навуковым маўленні пашырана выкарыстанне таксама неазначальнай формы дзеяслова ў спалучэнні з мадальнымі і інш. словамі, якая мае значэнне неабходнасці і выступае як сродак выражэння прадпісання, рэкамендацыі, указанняў тыпу трэба адрозніваць, трэба мець на ўвазе, трэба ўспомніць, варта звярнуць увагу.

В-20. Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю

Ужыванне ў навуковым тэксце многіх сінтаксічных канструкцый мае сваю спецыфіку. З трох тыпаў сказаў па мэце выказвання – апавядальных, пытальных, пабуджальных – перавагу атрымліваюць апавядальныя сказы. Пераважнае ўжыванне апавядальных сказаў у тэкстах дакладных навук (як і ўвогуле ў мове) тлумачыцца асноўнай іх задачай – паведаміць аб чым-небудзь, інфармаваць чытача ў сцвярджальнай або адмоўнай форме.

Пытальныя сказы маюць сваю спецыфіку ўжывання: часта яны ўжываюцца ў канструкцыі «пытанне – адказ». Часам пытaльныя сказы ідуць адзін за адным.

Пабуджальныя сказы служаць не загадам ці просьбай, а запрашэннем да сумесных дзеянняў (або разважанняў).

Для навуковага выкладу характэрны сказы, ускладненыя аднароднымі і адасобленымі членамі сказа. Аднародныя члены сказа служаць у навуковых тэкстах для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прыкмет, прадметаў і інш.

Ужыванне пабочных і ўстаўных канструкцый у навуковым тэксце мае свае асаблівасці: пабочныя канструкцыі звычайна паказваюць на сувязь і парадак думак, спосаб іх афармлення, крыніцу паведамлення, упэўненасць.

Устаўныя канструкцыі могуць быць заўвагамі, удакладненнямі, тлумачэннямі, папраўкамі, дадатковымі звесткамі.

Для большай доказнасці сваіх разважанняў аўтар часта звяртаецца да параўнальна-раўналежных зваротаў.

Ад параўнальна-раўналежных зваротаў трэба адрозніваць звароты са злучнікам як, які мае значэнне ‘ў якасці’: На Беларусі барацьба як народны від спорту вядома здаўна.

3 чатырох тыпаў складаных сказаў – складаназлучаных, складаназaлежных, бяззлучнікавых, сказаў з рознымі відамі сувязі (камбінаваных) – у навуковых тэкстах часцей выкарыстоўваюцца складаназалежныя. У складаназалежных сказах паміж двума падпарадкавaльнымі злучнікамі, якія стаяць паміж галоўнай і даданай часткамі, коска ставіцца, калі пропуск даданай часткі не парушае агульны сэнс складаназалежнага сказа. Выклад дакладных навук у навукова-вучэбным падстылі часта будуецца па схеме: аксіёма → доказ→ вывады. Аб’ектыўнасць навуковага выкладу, адсутнасць персаніфікацыі (не важна хто гаворыць, важна што сказана) (асабліва пры разнастайных формах-напамінах вядомых фактаў, пры гістарычных экскурсах) абумоўлівае выкарыстанне пасіўных канструкцый тыпу было паказана, было вырашана, за аснову прымаецца і інш.

В-22. Спосабы кампрэсіі навуковага тэксту. Навуковая і навукова-інфармацыйная літаратура ўмоўна дзеліцца на тры тыпы: 1) навукова-тэхнічная літаратура (артыкулы, манаграфіі, падручнікі, патэнты, тэхнічныя справаздачы і апісанні і пад.); 2) прававая і палітычная літаратура (пастановы, указы, дагаворы і інш.); з) дакументальная літаратура кіраўніцтва (загады, дырэктывы, справавыя паперы і пад.). Мовазнаўцы называюць два асноўныя шляхі кампрэсіі навуковага тэксту: 1) змяншэнне інфармацыі, якая заключаецца ў тэксце; 2) захаванне інфармацыі ў адносна поўным аб’ёме [2]. Змяншэнне інфармацыі звычайна адбываецца за кошт пропуску падрабязнасцей і абагульнення тых частак тэксту, якія застаюцца. Шляхам змяншэння інфармацыі часта карыстаюцца пры напісанні рэфератаў, анатацый навуковых прац, а таксама пры падвядзенні вынікаў доследаў, эксперыментаў у параграфах, раздзелах ці заключэннях навуковых прац. Другі шлях кампрэсіі навуковага тэксту – шлях захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – адбываецца пры дапамозе прыёмаў апушчэння, сумяшчэння і замяшчэння. Прыём апушчэння – гэта пропуск, выключэнне з тэксту элементаў, якія паўтараюцца (напрыклад, выказнікаў у складаных сказах, калі яны ёсць у папярэднім кантэксце; дублетных слоў (змешчаных у дужках); спасылак на мaлюнкі, графікі і інш.). Прыём сумяшчэння заключаецца ў тым, што два або некалькі сказаў падобнай канструкцыі накладваюцца адзін на другі, і ў выніку гэтага накладання ўтвараецца скарочаны сказ з аднароднымі членамі, звязанымі злучнікамі. Прыём замяшчэння – замена доўгіх элементаў тэксту больш кароткімі з захаваннем сэнсу змененых злементаў. Асноўная памылка шляху захавання адносна поўнага аб’ёму інфармацыі – гэта залішняя інфармацыя. Варта адзначыць, што, працуючы над навуковым тэкстам, чытачу часта прыходзіцца карыстацца разнастайнымі прыёмамі кампрэсіі тэксту адначасова.

В-25. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю. Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Лексічны ўзровень: 1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні. 2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны 3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці. Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал; 2) Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм; 3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя; 4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў. 4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы. 5) Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў. 6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. 7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш. 8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка. 9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу). 10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне. 11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. 12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі. Марфалагічны ўзровень: 1.Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на –нне-, –ццё, з прэфіксам –не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш. 2.Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад. 3.Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў.4.Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт. 5.Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку.6.Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова. Сінтаксічны ўзровень:1.Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца. 2.Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя. 3.Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак.4.Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш. 5.Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках. 6.Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы. 7.Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях 8.Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый.

В-5. Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусістаў з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ХІХ ст. (ля вытокаў гэтага прагрэсіўнага працэсу стаялі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каліноўскі, У. Сыракомля, Ядвігін Ш., А. Гурыновіч і іншыя прагрэсіўныя пісьменнікі). Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча (зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з’яўляюцца вершы Я Лучыны. У 1906 г. выдаюцца газеты «Наша Доля», пасля – «Наша Ніва». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы. Нагадаем, што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова.

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай, г. зн. на ёй працавалі ўрад і іншыя грамадскія ўстановы. Распачаўся працэс беларусізацыі.

Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай (!), звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі. У 1918г. Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў «Беларускую граматыку для школ», якая дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. «Граматыка» Тарашкевіча на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове.

В-6. Паняцце білінгвізму. Аспекты білінгвізму

Білінгвізм (лац. bilinguis < (bis) = двойчы, lingua = мова), ці двухмоўе, – валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў – гэта шматмоўе або полілінгвізм.

Адным з рэгіёнаў, значная частка насельніцтва якога карыстаецца дзвюма мовамі, з'яўляецца Беларусь. На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала даўно, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Ужо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Пазней, калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы ў значнай ступені стала выконваць руская мова, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-ўкраінскае, беларуска-латышскае двухмоўе.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Сапраўды, значная частка насельніцтва Беларусі актыўна карыстаецца і рускай, і беларускай мовамі ў розных сферах грамадскай дзейнасці. Аднак існуюць і значныя кантынгенты людзей, якія практычна карыстаюцца толькі якой-небудзь адной мовай.

Білінгвізм – з'ява складаная, шматбаковая, яна цікавіць не толькі лінгвістыку, але і псіхалогію, псіхалінгвістыку, сацыялогію і таму даследуецца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным, сацыялінгвістычным.

Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыйнай прыстасаванасцю, з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Увогуле, з пазіцый псіхалінгвістыкі білінгвізм – гэта здольнасць ужываць у камунікацыі дзве моўныя сістэмы. Е.М. Верашчагін выдзяляе тры ўзроўні білінгвізму: рэцэптыўны (разуменне маўлення, якое належыць другаснай маўленчай сістэме), рэпрадуктыўны (уменне ўзнавіць прачытанае і пачутае), прадуктыўны (уменне не толькі разумець і ўзнаўляць, але і будаваць асэнсаваныя выказванні). Некаторыя даследчыкі вылучаюць такія тыпы білінгвізму: каардынатыўны – аднолькавае валоданне дзвюма мовамі, і змешаны, калі другая мова засвойваецца пры ўжо сфарміраванай сістэме першай мовы. Пры змешаным двухмоўі набытая мова заўсёды зведвае ўплыў першай, таму адчуваецца пастаянная барацьба з роднай мовай..

У пасіўным білінгвізме звычайна сістэма роднай мовы выступае як дамінантная, адпраўная, яна перадае другой моўнай сістэме свае катэгорыі і формы.

Пры актыўным білінгвізме кожная з моў функцыянуе незалежна, самастойна.

Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.

Сацыялінгвістычны аспект праблемы двухмоўя ахоплівае кола пытанняў, звязаных з вывучэннем адносін «білінгвізм – грамадства», такіх, як: сфера выкарыстання першай і другой мовы; ступень авалодвання мовамі; размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі; кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму, моўная палітыка дзяржавы і г.д.

Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:

індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву;

групавое, калі двухмоўнымі з'яўляюцца цэлыя групы або асобныя слаі;

поўнае, ці суцэльнае, калі двухмоўе з'яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа;

дзяржаўнае, калі ў адной краіне статус афіцыйнай, дзяржаўнай маюць дзве мовы,

Па іншых крытэрыях можна выдзеліць такія тыпы двухмоўя: кантактнае, якое ўзнікае ў выніку сумеснага жыцця двух народаў,і некантактнае, калі непасрэдны кантакт паміж групамі адсутнічае.

В-7. Білінгвізм і інтэрферэнцыя. Віды інтэрферэнцыі

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, гэта значыць пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы іншай мовы. Іншымі словамі, інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці іншай мове. Аднак яны не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму.

Вылучаюць наступныя віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная.

Марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем, асабліва тых, якія маюць агульныя карані. Гэта разыходжанні ў родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у склонавых формах лічэбнікаў, ужыванні дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і г.д. Напрыклад, рус. шинель, собака, медаль, степь, насыпь, надпись – жаночы род, бел. шынель, сабака, медаль, стэп, насып, надпіс – мужчынскі род; рус. писать чернилами – бел. пісаць чарнілам; рус. чистый – чище, бел. чысты – чысцейшы; рус. тремя, четырьмя  бел. трыма, чатырма; рус. завявший – бел. завялы; рус. улыбаясь – бел. усміхаючыся.

Інтэрферэнцыйныя памылкі ў сінтаксісе (сінтаксічная інтэрферэнцыя) выклікаюцца адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. Механічнае перанясенне мадэляў пабудовы словазлучэнняў з адной мовы ў другую вядзе да парушэння нормаў (параўн. белар. дзякаваць сябру, смяяцца з другіх, паслаць па бацьку, захварэць на грып, два сталы, дакрануцца да рукі, ісці лесам, з прычыны занятасці – руск. благодарить друга, смеяться над другими, послать за отцом, болеть гриппом, два стола, прикоснуться к руке, идти по лесу, по причине занятости). Структура сказаў таксама мае некаторыя адрозненні: рус. В одном из переулков встретились ему два друга – бел. У адным завулку ён сустрэў двух сяброў; рус. – Приятно ходить по новым местам, всматриваться в картины, встречающиеся на пути – бел. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах, углядацца ў малюнкі, што трапляюцца ў падарожжы.

Пранікненне спецыфічных фанетычных рысаў з адной мовы ў другую вядзе да фанетычнай інтэрферэнцыі (напрыклад, у рускім маўленні білінгва сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдае р, ч на месцы рускіх мягкіх р’ і ч’, фрыкатыўнае γ на месцы выбухнога г, мяккія дз’ і ц’ на месцы д’ і т’, афрыката дж, пераход зычных в, л у ў, прыстаўныя зычныя в, г, прыстаўныя галосныя а, і, ярка выражанае аканне і г.д.).

Лексічная інтэрферэнцыя выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў. Напрыклад, ужыванне білінгвам у беларускай мове выразу гуляць ролю замест адыгрываць ролю абумоўлена неаднолькавым аб'ёмам значэнняў і асаблівасцямі ўжывання ў рускай і беларускай мовах слоў іграць (играть) і гуляць (гулять). Лексічная інтэрферэнцыя падзяляецца на ўласна-лексічную (калі ў рускім маўленні выкарыстоўваюцца беларускія словы і наадварот): Леший его ведает, отчего так часто его бьёт (И.Мележ); лексіка-семантычную (калі ў маўленні выкарыстоўваюцца словы ў значэннях, якія характэрны для іншай мовы): Урал богатырём приветливым Ручник дороги разостлал (Р.Бородулин); лексіка-стылістычную (рускія і беларускія словы маюць аднолькавае значэнне, але належаць да розных стыляў маўлення): рус. хвороба – (дыялектн.) – бел. хвароба (літаратурн.), руск. смак (разм.) – бел. смак (літаратурн.). Лексічная інтэрферэнцыя праяўляецца, у прыватнасці, у міжмоўнай аманіміі. Міжмоўныя амонімы – словы з розных моў, якія поўнасцю або часткова супадаюць у гучанні або напісанні, але маюць рознае значэнне. рус. качка ‘укачванне – бел. качка ‘вадаплаўная птушка’; рус. сварка ‘злучэнне металічных частак шляхам сплаўлівання’ – бел. сварка ‘спрэчка’.

Прычынай існавання словаўтваральнай інтэрферэнцыі з'яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў: рус. читательница – бел. чытачка, рус. детский – бел. дзіцячы, рус. шептаться – бел. шаптацца, рус. беспринципный – бел. беспрынцыповы, рус. вблизи – бел. паблізу.

Акцэнтная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах: рус. ольх'а – бел. в'ольха, рус. кишк'а – бел. к'ішка, рус. овсян'ой – бел. аўс'яны, рус. вест'и – бел. в'есці, рус. д'осуха – бел. дас'уха, рус. од'иннадцать – бел. адзін'аццаць, руск. посл'анец – белар. паслан'ец.

В-10. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі

Мнагазначнасць і аманімія

Лічаць, што мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы і пад полісеміяй у тэрміналогіі звычайна разумеюць «суаднесенасць аднаго тэрміна больш чым з адным паняццем у межах аднаго або некалькіх прылягаючых адно да аднаго тэрміналагічных палёў» і разглядаюць яе як «расслаенне значэнняў у залежнасці ад ужывання слова ў розных галінах ведаў» і розных сістэмах.

У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідэр –лідэры парламенцкіх фракцый (паліт.), лідэр першага забегу (спорт), лідэр кільватэрнай калоны (ваен.);

Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад, валюта – 1) грашовая адзінка краіны, 2) тып грашовай сістэмы, 3) грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках;

Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і унутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар – 1) моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху (пад ударам ветру) // пра гром, выбух і інш. моцныя гукі (удар грому), 2) імклівы напад, атака (флангавы ўдар), 3) нечаканае гора, бяда, непрыемнасць (удар лёсу), 4) раптоўнае кровазліццё ў мозг (апаплексічны ўдар).

У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковая аманімія, напрыклад, вал – значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля) і вал – агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым;

У лінгвістычнай літаратуры існуе думка, што ўнутрыгаліновая аманімія – з’ява даволі рэдкая, і што «ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння» Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае;

Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы (пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) ‘сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’ – мова (беларуская, польская, французская). У беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’;

Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна.

Сінанімія. Варыянтнасць. Дублетнасць

Праблема сінаніміі і сінонімаў у тэрміналогіі застаецца найменш распрацаванай і найбольш складанай. Адны даследчыкі зусім адмаўлялі з’яву сінаніміі ў тэрміналогіі (А.М.Талікіна) і сцвярджалі, што сінаніміі ў тэрміналагічных сістэмах няма, а тое, што лічыцца тэрміналагічнай сінаніміяй – гэта з’ява дублетнасці, бо паміж дублетамі няма тых адносін, якія ствараюць сінанімічны рад

С.І.Коршунаў, Д.С.Лотэ, Э.А.Натансон і інш. прызнавалі ў тэрміналогіі абсалютную і адносную сінанімію. А.А.Рэфармацкі пад дублетнасцю разумеў розныя варыянты слоў. А.В.Косаў выдзяляў сінонімы-дублеты, якія з’явіліся ў выніку паралельнага ўжывання айчыннага і запазычанага тэрміна, у выніку скарачэння састаўнога тэрміна або паралельнага выкарыстання поўных тэрмінаў і іх абрэвіятур і інш. В.П.Красней выяўляе ідэаграфічныя (маюць сэнсавыя адценні іх паняційнага зместу) і дублетныя (адценні ў паняційным змесце адсутнічаюць) сінонімы.

Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. Прыкладаў такіх сінонімаў у даследуемых тэрмінасістэмах не адзначалася.

Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук.

У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка;

Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна.

У лексічным тыпе антаніміі супрацьлегласць значэнняў выражаецца рознымі каранямі. Напрыклад: упарадкаванне (поўная заканамернасць, парадак, сіметрыя ў размеркаванні атамаў, малекул, крышталяў, якія ўтвараюць цвёрдае цела) – хаатычнасць (адсутнасць парадку, сіметрыі ў размеркаванні чаго-небудзь);

У словаўтваральны тып антонімаў уключаюцца тэрміны, у якіх процілегласць значэнняў выражаецца словаўтваральнымі сродкамі. Напрыклад: адліў – прыліў, негатыў – пазітыўю

Сярод састаўных тэрмінаў-антонімаў можна вылучыць дзве групы:

1) антанімічныя пары з рознакаранёвымі кампанентамі, дзе супрацьлегласць выражаецца: а) лексічнымі асновамі відавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: высокі мяч – нізкі мяч, высокае вядзенне мяча – нізкае вядзенне мяча, б) лексічнымі асновамі родавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: запаволіць тэмп – павялічыць тэмп;

2) найменні з аднакаранёвымі кампанентамі, антанімічнасць якім надаюць супрацьлеглыя па сэнсе прыстаўкі ў складзе відавых кампанентаў або (што назіраецца значна часцей) супрацьлеглы сэнс надае прыстаўка ў складзе толькі аднаго з відавых кампанентаў антанімічнай пары: згінальныя рухі – разгінальныя рухі, рацыянальны лік – ірацыянальны лік; акрэдытыў адзыўны – акрэдытыў безадзыўны і інш.

Супрацьлеглы па сваім значэнні можа быць адзін і той жа тэрмін (яго лексіка-семантычныя варыянты). Параўнаем: пячэ (сонца, мароз). Такая здольнасць слова выражаць супрацьлеглыя значэнні без змянення сваёй формы ў лінгвістыцы атрымала назву энантыясемія. Напрыклад, ваяка – 1) воін, баец, салдат і 2) пра таго, хто не апраўдвае званне воіна, байца.

Паронімы. Гіпонімы

Паронімы – словы, блізкія паводле гучання, але розныя паводле значэння, якія маюць, як правіла, адзін корань і належаць да адной часціны мовы. Напрыклад, альянс (саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў) – альяс (расліна алоэ);

Рода-відавыя адносіны лексічных адзінак называюцца гіпаніміяй. Тэрміны, што абазначаюць больш шырокае, родавае паняцце, называюцца гіперонімамі, а тэрміны, якія абазначаюць больш вузкае, відавое паняцце, – гіпонімамі.

В-15. Асноўныя спосабы тэрмінатворчасці. Словаўтварэнне – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца будова вытворных слоў, сродкі і шляхі іх утварэння. Тэрмінам «словаўтварэнне» называюць і сам працэс утварэння новых слоў.

Калі пад літаратурнай нормай разумеюць прынятыя ў моўнай практыцы адукаваных людзей правілы вымаўлення, словазмянення, словаўжывання і г.д., то словаўтваральнай нормай трэба лічыць утварэнне слоў і іх ужыванне ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, што існуюць у беларускай літаратурнай мове. Гэтыя правілы замацаваны словаўтваральнымі тыпамі і словаўтваральнымі (марфаналагічнымі) мадэлямі.

Паняцце словаўтваральнага тыпу лінгвістамі вызначаецца па-рознаму. Але большасць з іх у паняцце словаўтваральнага тыпу ўключае вытворныя, якія маюць тры асноўныя прыкметы: 1) адзінства часціны мовы ўтваральнай асновы; 2) агульнасць семантычных адносін паміж вытворнымі і ўтваральнымі; 3) агульнасць спосабу словаўтварэння.

Суаднесенасць вытворнага слова з пэўным словаўтваральным тыпам забяспечвае правільнае сэнсавае ўжыванне.

Словаўтваральная мадэль улічвае «канкрэтныя асаблівасці ўтварэння пэўнага слова ці групы слоў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу».

У сучаснай беларускай літаратурнай мове даследчыкамі звычайна вылучаецца 4 спосабы ўтварэння новых слоў (з падраздзяленнямі ўнутры асобных спосабаў): лексіка-семантычны, лексіка-сінтаксічны, марфолага-сінтаксічны, марфалагічны.

Для тэрмінатворчасці найбольш характэрнымі лічацца лексіка-семантычны, марфолага-сінтаксічны і марфалагічны спосаб. Тэрмінолагі вылучаюць яшчэ сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў, а таксама ў асобны спосаб уключаюць калькаванне (запазычванне тэрміна з іншай мовы), напрыклад: віза, гарантыя (франц.), вэксаль (ням).

У аснове лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння тэрмінаў (ці тэрміналагізацыі) ляжыць метафара – перанос значэння ў выніку прыпадабнення па форме, функцыі, становішчы.

Перанос гатовага тэрміна з адной галіны навукі ў другую з поўным ці частковым яго пераасэнсаваннем і ператварэннем у міжгаліновы амонім атрымаў назву транстэрміналагізацыя.

Агульныя рысы з тэрміналагізацыяй (фанетычна новае слова не ўзнікае) мае канверсія – пераход тэрміна з адной часціны мовы ў другую, у прыватнасці, пераход прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўнікі (пераход любой часціны мовы ў назоўнікі называецца субстантывацыяй).

Найбольш прадукцыйным спосабам з’яўляецца тэрмінаўтварэнне (марфалагічны спосаб), якое адрозніваецца ад звычайнага словаўтварэння перавагай пэўных кампанентаў і мадэлей.

Пры афіксацыі тэрмінаў да ўтваральнай асновы (слова) далучаецца дэрывацыйны афікс (або афіксы).

Пры суфіксацыі асабліва прадукцыйныя наступныя суфіксы тэрмінаў-назоўнікаў:

1) –нн-, –енн- (-энн-) са значэннем апрадмечанага дзеяння: абагульненне, абазначэнне, абгрунтаванне,

2) –асць- з адцягненым значэннем: злачыннасць, акалічнасць, суб’ектнасць,

3) –ацыj- (-цыj-): індэксацыя, асацыяцыя, дэпартацыя, ідэнтыфікацыя, інвестыцыя,

4) –льнік- (-нік-) са значэннем актыўнай часткі абсталявання: пераўтваральнік (преобразователь).

5) –ент- (-энт-), –ант-; –ар- (-яр-), –іст (-ыст) у найменнях асоб: камерсант, камітэнт, канкурэнт, контрагент,

Для прыметнікаў прадукцыйнымі з’яўляюцца суфіксы –н-, –ов- (-ав-).

Пры прэфіксацыі найбольш прадукцыйнымі з’яўляюцца прыстаўкі не- (ня-) – няпэўнасць, нярэшта, няздольнасць, непрацаздольнасць, неданясенне, пера- – перабудова, пераразмеркаванне, пад- – падгрупа, падкатэгорыя, падбухторванне, без- (бяз-) – беззмястоўны, безвынікова (аб рахунку) і інш.

Ужыванне прыставак супраць- і проці- застаецца нявырашаным пытаннем.

Значнае пашырэнне ў працэсе прэфіксальнага тэрмінаўтварэння знаходзяць іншамоўныя прэфіксы а-, анты-, архі-, гіпа-, гіпер-, ды- і інш. (з грэч.); бі-, дыс- (дыз-), дэ-, ін-, інтэр-, контр-, рэ-, суб-, супер-, ультра-, экстра- і інш. (з лац.).

Да бязафіксных утварэнняў адносяцца тэрміны, якія ўтвараюцца шляхам складання без выкарыстання афіксаў. Складанне (ці кампазіцыя) аб’ядноўвае ў адну лексічную адзінку дзве або больш асноў паўназначных слоў (асноваскладанне) ці асобныя словы цалкам (словаскладанне).

Пры асноваскладанні першым звязаным кампанентам часта выступаюць усечаныя асновы грэчаскіх назоўнікаў і прыметнікаў і лацінскія тэрмінаэлементы.

Утварэнне адзінак шляхам асноваскладання можа суправаджацца суфіксацыяй апорнай асновы: вэксалетрымальнік, залогадавальнік. Такі спосаб называюць складана-суфіксальным.

Тэрміны, утвораныя шляхам словаскладання, падзяляюцца на раздзельнааформленыя (у іх скланяюцца абодва кампаненты) і цэласнааформленыя (у такіх тэрмінах скланяецца толькі апошні кампанент).

Прыкладам раздзельнааформленых складаных тэрмінаў могуць служыць такія адзінкі, як банк-эмітэнт, банк-гарант, Цэласнааформленымі з’яўляюцца тэрміны тыпу франка-вагон, франка-ўмова.

Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна трэба лічыць абрэвіяцыю. Тэрмін абрэвіяцыя абазначае працэс утварэння назоўнікаў шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае слова часткамі, у скарочаным выглядзе.

Пры сінтаксічным спосабе ўтварэнне новых тэрмінаадзінак адбываецца шляхам спалучэння слоў у шматкампанентныя тэрміналагічныя словазлучэнні.

Перавага ва ўтварэнні тэрмінаў-словазлучэнняў сінтаксічным спосабам аддаецца двух- і трохкампанентным спалучэнням слоў з назоўнікам у якасці апорнага кампанента, напрыклад: рынак – рынак «бычыны», рынак валютны.

В-23. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.).

У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.

Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый

У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі.

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...) і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам.

Стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]