Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

3. Стылістычныя рэсурсы марфалогіі

Стылістычныя рэсурсы марфалогіі не такія багатыя, як лексічныя, таму што граматычныя катэгорыі і граматычныя формы агульныя для ўсіх стыляў, жанраў і тыпаў мовы і не маюць выразнай функцыянальна-стылі­стычнай дыферэнцыяцыі. Тым не менш, асобныя стылі ў большай ці мен­шай ступені адрозніваюцца паміж сабой некаторымі марфалагічнымі срод­камі, якія і складаюць стылістычныя рэсурсы марфалогіі. Мы спынімся на характарыстыцы стылістычных уласцівасцей граматычных катэгорый і форм асобных часцін мовы.

3.1. Назоўнік

Назоўнік сярод іншых часцін мовы вызначаецца багаццем варыянт­ных форм роду, ліку і склону, суадносных з тым або іншым стылем. Так, для абазначэння асоб па родзе іх дзейнасці, заняткаў, прафесій у беларус­кай мове існуюць карэлятыўныя формы назоўнікаў мужчынскага і жано­чага роду тыпу гітарыст – гітарыстка, настаўнік – настаўніца і да т.п. Аднак не на ўсе выпадкі ёсць такія ўзаемазвязаныя формы, нярэдка ў на­званай функцыі ўжываюцца адпаведныя словы толькі ў форме мужчын­скага роду, незалежна ад таго, асобу мужчынскага ці жаночага полу яны называюць. Напрыклад: інжынер Алесь Круталевічінжынер Таццяна Круталевіч; дыспетчар паведаміў дыспетчар паведаміла. У навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях ужываюцца формы мужчынскага роду падоб­ных назоўнікаў (аўтар, доктар, сакратар), а ў гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях звычайна выкарыстоўваюцца іх словаўтвараль­ныя варыянты жаночага роду (аўтарка, доктарка, сакратарка). Вядома, што гэтыя варыянты гутарковага паходжання. Але ў названых стылях як­раз такім варыянтам аддаецца перавага, бо яны не маюць адцення афіцый­насці і лепш упісваюцца ў натуральны, нязмушаны лад жывой гутаркі, эмацыянальна-вобразны лад мастацкага апавядання, эмацыянальна-дзей­сны лад публіцыстычнага тэксту. Разам з тым, не выключаецца магчы­масць ужывання і варыянтаў мужчынскага роду, параўн.:

1. – Забярыце рэчы і чакайце ў калідоры, сказала Кацярына Кірылаўна.

Жанчына пераступіла з нагі на нагу, але з месца не кранулася.

  • Доктар, пачала яна, а ці можна мне ехаць?

  • Я вас не трымаю... (А. Асіпенка).

2. Вера Паўлаўна ўважліва слухала доктарку, аднак не разумеючы ніводнага слова. Іншыя думкі хвалявалі яе. Яны перашкаджалі ўспрымаць словы доктаркі, як і гамонка доктаркі перашкаджала думкам (А. Асіпенка).

У першым выпадку, як вынікае з кантэксту, размова мае афіцыйны характар, таму выкарыстаны назоўнік мужчынскага роду доктар, хоць і адносіцца ён да асобы жаночага полу. У другім выпадку апавяданне мае нейтральны характар, таму аўтар ужыў назоўнік доктарка.

У гутарковым і мастацкім стылях сустракаюцца варыянты жаночага роду не толькі з суфіксам -к- (аграномка, доктарка), але і з суфіксам -ш- (аграномша, доктарша). Апошнія маюць ярка выражаны гутарковы харак­тар. У мастацкіх творах яны ўжываюцца, як правіла, у мове персанажаў і або паказваюць іх адмоўныя адносіны да пэўнай асобы, або характарызу­юць культурна-адукацыйны ўзровень самога персанажа. Акрамя таго, па­добныя формы могуць абазначаць жонку чалавека адпаведнай прафесіі: аграномша (жонка агранома), доктарша (жонка доктара).

У гутарковым і мастацкім стылях сустракаюцца варыянты родавых форм назоўнікаў тыпу санаторый санаторыя, туфель туфля і да т.п. Гутарковыя варыянты санаторыя, туфля ўжываюцца толькі ў мове перса­нажаў мастацкага твора і служаць сродкам іх характарыстыкі.

Пэўнымі стылістычнымі магчымасцямі вызначаецца катэгорыя ліку назоўніка. Найбольш відавочна гэта праяўляецца ва ўжыванні адзіночнага ліку ў значэнні множнага, а множнага  у значэнні адзіночнага.

Адзіночны лік у значэнні множнага часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў навуковым стылі:

а) пры абазначэнні мноства аднародных прадметаў, калі адзіночны лік набывае адценне зборнасці: У нашых прэсных водах водзіцца мянтуз (маецца на ўвазе не адзін мянтуз, а ментузы);

б) пры абазначэнні канкрэтнага віду тых ці іншых істот або прадме­таў, калі з ліку аднатыпных вылучаецца з указаннем адметных характары­стык адна жывая істота або прадмет, што ўяўляе цэлы клас (род, сямейства і г.д.) такіх жа істот або прадметаў: Акунь прагная драпежная рыба (акунь рыба, але ад іншых рыб адрозніваецца прагнасцю і драпежнасцю); Хвошч шматгадовая расліна (хвошч расліна, але такая расліна, якая расце шмат гадоў). Адзіночны лік у такіх выпадках мае абагульнена-выдзя­ляльнае значэнне.

Для публіцыстычнага і афіцыйна-дзелавога стыляў уласціва выкары­станне са значэннем зборнасці ці абагульнення форм адзіночнага ліку назваў асоб па прафесіі, роду дзейнасці, сацыяльным становішчы і г.д.: Арандатар мае права адкрываць ва ўстановах банка рахункі для грашовых аперацый.

Са значэннем абагульнення адзіночны лік у значэнні множнага выка­рыстоўваецца таксама ў гутарковым стылі: Сёння чамусьці шчупак не клюе.

У мастацкім стылі адзіночны лік у значэнні множнага ўжываецца з мэтай вылучыць, падкрэсліць і вобразна адлюстраваць той ці іншы прад­мет, з’яву і г.д.: Глядзіш, бывала, і здаецца, што скрозь сцяну галін жывую, скрозь гэту тканку маладую ні мыш, ні пташка не праб’ецца (Я. Колас). Відавочна, што паэт выкарыстаў назоўнікі мыш і пташка ў форме адзіноч­нага ліку для таго, каб стварыць яркі наглядна-вобразны малюнак густога цяністага лесу.

Стылістычныя магчымасці формы множнага ліку абмежаваны пера­важна тымі семантычнымі групамі назоўнікаў, якія звычайна ўжываюцца ў форме адзіночнага ліку. Так, некаторыя рэчыўныя назоўнікі (вада, соль, спірт і інш.), абстрактныя і адцягненыя (тэмпература, чытанне і да т.п.) у шырокім ужытку маюць форму адзіночнага ліку. Але ў навуковым і афі­цыйна-дзелавым стылях рэчыўныя назоўнікі пры абазначэнні гатункаў, ві­даў ці разнавіднасцей рэчываў, абстрактныя і адцягненыя – пры абазначэн­ні канкрэтных паняццяў ужываюцца ў множным ліку, што сведчыць пра кніжны характар мовы, параўн.: вада мінеральныя воды, соль калійныя солі, спірт аднаатамныя спірты, тэмпература высокія тэмпературы, чытанне Багдановічавы чытанні.

У публіцыстычным стылі асобныя абстрактныя назоўнікі ў форме множнага ліку падкрэсліваюць шматразовасць ці аднатыпнасць з’яў: іні­цыятыва мірныя ініцыятывы, рэжым прагрэсіўныя рэжымы.

У мастацкім і гутарковым стылях некаторыя рэчыўныя і абстрактныя назоўнікі ўжываюцца ў множным ліку, каб паказаць вельмі вялікую коль­касць, значную велічыню, аб’ём ці прастору чаго-небудзь: Данік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі (Я. Брыль); Над полем, дзе спелі жыты і пшаніцы, і мыліся ў росах аўсы, прайшла, пра­званіла свой час навальніца на ўсе галасы (Я. Колас).

Індывідуальныя імёны і прозвішчы людзей маюць форму адзіночнага ліку, але ў навуковым, публіцыстычным і мастацкім стылях для абазначэння тыповых з’яў грамадскага жыцця яны могуць ужывацца ў множным ліку: Гэта ж не сакрэт, што за спіною гарлахвацкіх, калі тыя надзелены ўла­дай, такія людзі, як Зёлкін, адчуваюць сябе вельмі ўпэўнена (Дз. Бугаёў).

Варыянтнасць склонавых форм назоўнікаў абумоўлена ўзаемадзе­яннем кніжнай мовы і жывога народнага маўлення. Для навуковага, афі­цыйна-дзелавога і публіцыстычнага стыляў у большай ці меншай ступені характэрна ўнармаванасць склонавых канчаткаў назоўнікаў. Што да мас­тацкага і гутарковага стыляў, то ў іх пад уздзеяннем народных гаворак і прастамоўя назіраецца варыянтнасць склонавых форм, калі асобныя словы ці групы слоў ужываюцца з канчаткамі дыялектнага або размоўна-гутарко­вага характару:

назоўнік дачка з канчаткам ў давальным і месным склонах адзі­ночнага ліку: сказаў дачцы, жыў пры дачцы;

агульныя назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду з цвёрдай асно­вай, назоўнікі ніякага роду  з канчаткам ў месным склоне адзіночнага ліку: на лугу, на масту, у быту, па маршруту, па тэлефону, па полю, па бездарожжу;

асабовыя назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду з цвёрдай асно­вай  з канчаткам ў месным склоне адзіночнага ліку: па сыне, па браце;

назоўнікі 3-га скланення гразь, далонь з канчаткамі -ёй (-ёю), -яй (-яю) у творным склоне адзіночнага ліку: гразёй (-ёю), далоняй (-яю);

назоўнікі гектар, грам, кілаграм, апельсін, памідор і інш.  з нуля­вым канчаткам у родным склоне множнага ліку: пятнаццаць гектар, дзе­сяць грам, пяць кілаграм, многа апельсін, памідор;

назоўнікі грошы, дзверы з канчаткам -мі ў творным склоне множ­нага ліку: грашмі, дзвярмі;

назоўнікі дзеці, людзі з канчаткам -ямі ў творным склоне множнага ліку: дзецямі, людзямі.

Гэтыя і некаторыя іншыя склонавыя формы перадаюць натуральны лад жывой гутаркі. У творах мастацкай літаратуры яны звычайна выкарыс­тоўваюцца ў мове дзеючых асоб і з’яўляюцца сродкам іх характарыстыкі.

Яркім стылістычным сродкам з’яўляецца форма клічнага склону, якая не ўласціва сучаснай сістэме скланення беларускай літаратурнай мо­вы, але ўжываецца ў асобных стылях і надае выказванню розныя адценні: у мастацкім і гутарковым  непасрэднасці, пяшчоты, лагоднасці; у публіцыс­тычным, а таксама ў мастацкім – рытарычнасці, узнёсласці, урачыстасці: Слухай, дружа, і вучыся (Я. Колас); Бачыш, княжа, загоны, лясы, сена­жаць, ім пакорны я толькі з гуслямі, сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, не скуеш толькі дум ланцугамі (Я. Купала).

Выразную стылістычную афарбоўку маюць так званыя словы якас­най ацэнкі тыпу дачушка, зямліца, пісарчук, даміна, якія шырока выкарыс­тоўваюцца ў мастацкім, публіцыстычным і гутарковым стылях для выра­жэння розных пачуццяў і ацэнак: Спі, мая дачушка, засынай, дзяўчо... (Д. Бічэль-Загнетава); Мужык не дарма раней казаў, што пан і воўк два зладзюганы ў пушчы (В. Карамазаў).