Васіль Быкаў
.docxПлан-канспект заліковага ўрока па беларускай літаратуры ў 7-ым “Б” класе студэнткі 51 групы філалагічнага факультэта Ментузовай Ганны
Тэма:Васіль Быкаў. «Незагойная рана»
Мэта: узнавіць веды пра Васіля Быкава, увесці вучняў у свет прозы пісьменніка, прыгадаўшы прачытаныя раней творы аб вайне; пазнаёміць са зместам апавядання «Незагойная рана»; высветліць пераноснае значэнне назвы твора; развіваць эмацыянальную чуйнасць, здольнасць суперажываць героям; вызначыць, чым адрозніваецца гэты твор ад папярэдніх на аналагічную тэму.
Абсталяванне: падручнік для 7 класа, відэафільм «Праўдай адзінай».
Ход урока
Эпіграф:
«Расказваю пра вайну, бо ненавіджу яе».
Васіль Быкаў
І. Арганізацыйны момант
ІІ. Праверка дамашняга задання
Вучні расказваюць верш “Ручэй” на памяць.
ІІІ. Знаёмства з новай тэмай
- Сённяшні наш урок звязаны непасрэдна з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтай тэмы мы звяртаемся не ўпершыню.
♦ Прыгадайце творы, у якіх аўтары апісвалі падзеі, звязаныя з гэтай старонкай нашай гісторыі. (М. Лынькоў. «Васількі», Р. Барадулін. «Бацьку», В. Быкаў. «Сваякі», В. Адамчык. «Салодкія яблыкі» і г.д.) Вайна пакінула жахлівы след у гісторыі нашай краіны. Гэта вечны боль і сумны ўспамін пра загінуўшых. Гэта пачуццё захаплення героямі і ўдзячнасці ім за падараваны мір і спакой.
Беларусь, як ні адна іншая краіна свету, зведала жахі апошняй вайны. Па ўсёй яе тэрыторыі, амаль у кожнай вёсцы штодня нагадваюць аб перажытым помнікі, мемарыялы, сціплыя абеліскі.
♦ Прыгадайце сусветна вядомыя помнікі абаронцам Радзімы і ахвярам вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. (Брэсцкую крэпасць-герой, Хатынь, Курган Славы і г. д.)
Так ушанавалі ўдзячныя нашчадкі гераічны подзвіг народа ў гады Другой сусветнай вайны.
Але ёсць яшчэ адна магчымасць, каб выказаць героям сваё захапленне і ўдзячнасць гэта расказаць пра іх.
Да падзей тых часоў звяртаюцца пісьменнікі, каб нагадаць нашчадкам і палярэдзіць іх, што трэба зрабіць усё, каб вайна ніколі не паўтарылася. Сярод іх сусветна вядомы пісьменнік, чые творы перакладаліся больш чым на пяцьдзесят моў народаў свету. I менавіта па іх мяркуюць сёння ў свеце пра беларусаў, пра іх уклад у перамогу над фашыстамі. Гэта Васіль Быкаў. Ён сам удзельнік вайны. Тая вайна, пра якую ён расказвае ў сваіх творах, непадфарбаваная, ён гаворыць толькі пра тое, што ведае, бачыў і перажыў. Словы, якія сказаў Э. Хемінгуэй, і якія былі выкарыстаны ў якасці эпіграфа, будуць дарэчы. Яны вызначаюць сутнасць творчасці Васіля Быкава. Менавіта гэтай справай - «пісаць простую, чэсную прозу пра чалавека» ён займаўся ўсё жыццё. У яго творах няма мудрагелістых сюжэтаў, прыгодніцкага ці авантурнага, ён захапляе чытача іншым: паказвае праблемы чалавечай душы. Праўда, прастата і шчырасць адрозніваюць творы Васіля Быкава.
Васіль Быкаў атрымаў званне малодшага лейтэнанта ў 1943 годзе пасля заканчэння Саратаўскага ваеннага вучылішча. У той жа год разам з ім гэтае званне атрымалі 80 выпускнікоў. Пасля вайны жывымі засталіся толькі чацвёра. Сярод іх Васіль Уладзіміравіч Быкаў.
♦ Прачытайце эпіграф (словы В. Быкава) да ўрока. Гэтыя словы належаць чалавеку, які прайшоў вайну са зброяй у руках. Як вы лічыце, ці маюць права на такія словы сучасныя пісьменікі, якія ведаюць вайну толькі па ўспамінах або з кніг тых, хто сам перажыў вайну?
На наш погляд, ёсць неабходнасць спыніцца асобна на даце смерці пісьменніка - 22 чэрвеня 2003 года. Сімвалічная гэтая дата. Вайна, пра якую ўсё жыццё расказваў Васіль Быкаў і з якой некалі вярнуўся жывым, не пакінула яго і праз гады, нагадала аб сабе нават днём яго адыходу.
Сёння мы з вамі пазнаёмімся з апавяданнем Васіля Быкава «Незагойная рана». У гэтым творы паўстае трагедыя Беларусі, трагедыя тых мацярок, якія не дачакаліся сваіх сыноў з зайны.
-
Чытанне твора настаўнікам разам з падрыхтаванымі вучнямі.
-
Праца над пытаннямі да тэкста
♦ Які настрой выклікаў у вас гэты твор? Чым ён вас асабліва ўразіў, усхваляваў?
♦ Які эпізод апавядання вас найбольш узрушыў? Чым?
(Большасць вучняў кранаюць душэўныя перажыванні маці, якая 16 год з неаслабнай надзеяй чакае з вайны свайго сына. Усё яе жыццё пасля вайны запаланіла гора. Яно «прыбіла ўсякі інтарэс да жыцця, зламала характар, спарахніла душу - нічога няміла цяпер старой адзінокай жанчыне».)
♦ Растлумачце сэнс выразу: «Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклі, толькі сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты».
(Сын Тэклі быў не адзіным, хто не прыйшоў з вайны. I іншыя жанчыны не дачакаліся сыноў і, паплакаўшы, «патроху супакойваліся».)
♦ На чым трымалася вера Тэклі? Чаму толькі яна так ўпарта, цярпліва, без скаргаў чакала свайго Васілька?
(Разважаючы пра мацярынскае сэрца, якое ўсё разумее і даруе, вучні зробяць вывад, што няма на свеце больш адданага і вернага чалавека, чым маці.)
♦ Чаму апавяданне называецца «Незагойная рана»? Пра якую рану гаворыцца ў творы? Прамы ці пераносны сэнс мае гэтая назва?
ІV. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія
-
Ці спадабаўся вам урок?
-
Якой тэме быў прысвечаны ўрок?
-
Якія ўражанні ў вас засталіся?
V. Дамашняе заданне, інструктаж па яго выкананні
Перачытаць твор, падрыхтаваць яго пераказ, выкарыстаўшы план апавядання. Скласці зборнік найбольш цікавых, на вашу думку, твораў беларускіх пісьменнікаў на ваенную тэму. У яго павінны ўвайсці толькі прачытаныя вамі вершы, апавяданні, аповесці. Пісьмова падрыхтаваць змест гэтага зборніка, прыдумаць яму назву.